БЕЛ Ł РУС

МУС Беларусі: Ніякіх даведак для выезду за мяжу без пашпарта ў нас не існуе

18.09.2025 / 16:13

Nashaniva.com

11 верасня пасьля сустрэчы ў Мінску Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскай дэлегацыяй былі выпушчаныя з месцаў зняволення 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян і 38 беларускіх палітвязняў. Усіх іх прымусова вывезлі ў Літву, а неўзабаве частка палітзняволеных даведалася, што іх вывезлі без пашпартоў, толькі з даведкай, якая пацвярджае асобу. «Радыё Свабода» паспрабавала даведацца ў чыноўнікаў, якія законы гэта дапускаюць.

Даведка аднаго з вызваленых і высланых за мяжу 11 верасня палітвязняў Генадзя Фядыніча. Фота: «Салідарнасць»

«Я на пенсіі. Без каментароў», — адказаў журналісту «Радыё Свабода» 17 верасня былы кіраўнік дэпартамента грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун. Менавіта ягоны подпіс стаіць на даведках, выдадзеных палітвязням, хоць яго адправілі ў адстаўку яшчэ 8 верасня.

У самім гэтым дэпартаменце нічога не тлумачаць пра даведкі, якія аказаліся на руках некаторых вызваленых 11 верасня. Так, начальніку ўпраўлення грамадзянства, пашпартнай працы і выезду за мяжу МУС Беларусі Паўлу Хрышчановічу пра такія дакументы нічога невядома:

«Даведка, якая пацвярджае асобу… А што гэта за даведка? У сувязі з чым яна можа выдавацца? У нас ёсць даведка, калі чалавек згубіў пашпарт, і вось ён звяртаецца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі, і яму выдаюць на час вырабу новага пашпарта даведку формы № 9 на месяц, і ён ёю карыстаецца як дакументам, які пацвярджае асобу на тэрыторыі краіны. Вось гэта толькі ёсць такая даведка», — сказаў Павел Хрышчановіч карэспандэнту «Радыё Свабода», які прадставіўся грамадзянінам Беларусі.

Паводле міліцэйскага начальніка, з даведкай, якая часова замяняе пашпарт, за мяжу выязджаць нельга.

«Акрамя пашпарта — біяметрычнага пашпарта ці пашпарта старога ўзору 1996 году, іншых дакументаў для грамадзян Беларусі для выезду за мяжу ў нас не існуе», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Даведкі вызваленых палітвязняў сведчаць, што іх спіс складаўся не ў апошні момант

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Каментары да артыкула