Магутны ўдар нанесены па нафтаперапрацоўчым заводзе «Газпрама» ў Башкартастане, за 1400 км ад украінскай мяжы
Над прадпрыемствам «Газпрам нафтахім Салават» узнімаецца чорны дым. Кіраўнік Башкартастана заявіў, што прадпрыемства атакавалі два беспілотнікі самалётнага тыпу.
«Тэрарыстычная атака на «Газпрам нафтахім Салават». Два беспілотнікі самалётнага тыпу атакавалі прадпрыемства. Загінулых і пацярпелых няма. Спрацавала пасіўная і актыўная абарона, ахова прадпрыемства адкрывала агонь на паражэнне. Ступень пашкоджанняў высвятляем. Зараз ліквідуем пажар, усе службы на месцы», — напісаў у тэлеграм-канале Радый Хабіраў.
«Газпрам нафтахім Салават» — найбуйнейшы нафтахімічны комплекс РФ. Ажыццяўляе поўны цыкл перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны.
У склад кампаніі ўваходзяць тры заводы: нафтаперапрацоўчы, што вырабляе бензін і дызельнае паліва, газахімічны (аміяк, карбамід і інш.), перапрацоўчы завод «Манамер» (робіць поліэтылен, пластыфікатары, бутылавыя спірты).
Завод знаходзіцца амаль на 1500 км ад мяжы з Украінай.