Непадалёк ад Гродна паставілі «тэлефон ветру»
Нядаўна на тэрыторыі дома Святога Перэгрына ў вёсцы Галынка (гэта 26 км ад Гродна) устанавілі белую шкляную тэлефонную будку. Гэта тэлефон ветру — адзіны ў краіне аб’ект, піша «Вячэрні Гродна».
.
Яго паставілі сіламі супрацоўнікаў сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр дапамогі жыцця». Як з’явілася ідэя тэлефоннай будкі і для чаго яна патрэбна людзям, расказаў дырэктар цэнтра Алег Гарбачоў.
— Нядаўна такая будка з’явілася ў Японіі. Яе ўсталяваў мужчына, які ў выніку землятрусу і цунамі страціў свайго брата, — расказвае Алег. — Але ён не паспеў сказаць важных слоў свайму загінуламу брату і падумаў, што можа зрабіць гэта з дапамогай ветру. Вецер данясе яго думкі і перажыванні чалавеку, які пайшоў з жыцця
У тэлефонную будку могуць прыязджаць людзі, якія страцілі блізкага чалавека:
— За першыя дні працы «тэлефона ветру» яе наведалі каля дзесяці чалавек. Гэта важная псіхалагічная дапамога. У перыяд смутку важна дапамагчы самому сабе. Падчас размовы чалавек можа нешта даказаць, што не паспеў сказаць, далюбіць, калі не далюбіў, і папрасіць прабачэння.
Унутры будкі — крэсла, распяцце, блакнот для памятных пасланняў і сурвэткі. Дах упрыгожвае шпіль. Побач усталяваны стэнд з інфармацыяй, дзе падрабязна распісана прызначэнне «тэлефона ветру».
Для «Цэнтра дапамогі жыцця» гэта актуальная тэма, бо яны штодзень сутыкаюцца з адыходам з жыцця сваіх падапечных з-за невылечнай анкалагічнай хваробы.
Прыехаць могуць усе жадаючыя. Але тэрыторыя адкрыта не заўсёды. Лепш напісаць супрацоўнікам у «дырэкт» інстаграма, каб удакладніць час працы. Важна памятаць, што Галынка знаходзіцца ў памежнай зоне — абавязкова бярыце з сабой пашпарт! Пры ўездзе ў вёску вы ўбачыце ўказальнік — дом Святога Перэгрына, ён знаходзіцца адразу на ўскрайку, злева ад дарогі. Нумар дома — 53.
Дом Святога Перэгрына — гэта Дом для аказання сацыяльных паслуг з забеспячэннем часовага кароткатэрміновага знаходжання (дзённага) у форме паўстацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання падапечным Сацыяльна-дабрачыннай установы «Цэнтр дапамогі жыцця».