Палітзняволеную расіянку асудзілі да трох гадоў калоніі
Грамадзянку Расіі Яраславу Храмчанкову 9 верасня прызналі вінаватай паводле арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 369‑1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэксу. Гомельскі абласны суд прызначыў дзяўчыне тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Гомельская вясна».
Яраславе 27 гадоў. Яна грамадзянка Расіі, але жыве ў Мазыры. Яе затрымалі 23 красавіка з іншымі мазырцамі і жыхаром суседняга Ельску. Паведамляецца, што пераследуюць палітзняволеную, верагодна, па «справе Гаюна».
Нагадаем, напачатку лютага 2025 года тэлеграм-канал «Беларускі гаюн» паведаміў, што іх бот, у які людзі дасылалі інфармацыю пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, быў узламаны. Там утрымлівалася ўразлівая інфармацыя, у тым ліку асабістыя даныя тых, хто пісаў у бот.
«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 67 пацверджаных фігурантаў гэтай справы. Агульная ж лічба затрыманых значна большая. Затрыманні па справе адбываюцца да гэтага часу.