БЕЛ Ł РУС

17-гадовая беларуска, затрыманая за запуск дрона ў Варшаве, прыехала ў Польшчу ўсяго некалькі дзён таму

16.09.2025 / 21:2

Nashaniva.com

17-гадовая беларуска і 21-гадовы ўкраінец, якія ўвечары 15 верасня запускалі дрон у цэнтры Варшавы, знаходзяцца ў краіне легальна. Малады чалавек жыве ў гэтай краіне ўжо 8 гадоў, а дзяўчына прыехала ўсяго некалькі дзён таму, паведамляе Most.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jens Büttner picture alliance via Getty Images

Беларуску і ўкраінца затрымалі ўвечары 15 верасня ў варшаўскім парку Лазенкі. Дрон яны запускалі над урадавымі будынкамі і адной з рэзідэнцый прэзідэнта — палацам Бельведэр. Супрацоўнікі службы бяспекі з дапамогай спецабсталявання прымусілі апарат вярнуцца ў аварыйным рэжыме да аператараў.

Следства пакуль вядзецца па артыкуле аб парушэнні авіяцыйнага заканадаўства — выкананні палётаў у забароненай зоне. За гэта пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Але Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) правярае таксама, ці маглі маладыя людзі дзейнічаць па заданні нейкай замежнай дзяржавы. Калі так — абодвум могуць быць прад'яўленыя абвінавачванні ў шпіянажы.

Цяпер правяраюць тэлефоны затрыманых і шукаюць сляды магчымых кантактаў з заказчыкам. Аднак следства не выключае, што гэта звычайныя турысты.

У гэтым выпадку абвінавачванні могуць выставіць толькі ўкраінцу, які кіраваў дронам. Беларуска, якая суправаджала яго, хутчэй за ўсё, будзе праходзіць па справе толькі ў якасці сведкі.

«На гэтым этапе мы далёкія ад сцвярджэнняў, што тут меў месца акт дыверсіі або шпіянажу. Супрацоўнікі ABW трымаюць руку на пульсе», — сказаў прэс-сакратар міністра — каардынатара спецслужбаў Яцак Дабжыньскі ў гутарцы з RMF FM.

Ён не выключыў, што маладыя людзі проста хацелі зняць відэа на памяць.

«Гэта маладыя людзі. Магчыма, гэта адбылося праз іх бесклапотнасць або няведанне, — дадаў ён.

Прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы пракурор Пётр Антоній Скіба паведаміў, цяпер аналізуюцца доказы. Пракуратура чакае перадачы матэрыялаў у сераду, 17 верасня.

«На гэтым этапе матэрыялы і абставіны здарэння сведчаць пра парушэнне нормаў авіяцыйнага права, а не пра шпіянаж», — дадаў ён.

Тым не менш, пакуль пара застаецца пад вартай.

У Польшчы з меркаванняў бяспекі палёты дронаў над урадавымі будынкамі і іншымі аб'ектамі крытычнай інфраструктуры забароненыя. На такіх аб'ектах устаноўленыя адпаведныя таблічкі. Кожны аператар дрона, які мае ліцэнзію, у спецыяльным дадатку можа праверыць, дзе дазволена, а дзе забаронена лётаць. Кожны палёт неабходна зарэгістраваць праз мабільны дадатак DroneTower — афіцыйную праграму Польскага агенцтва паветраплавання.

Чытайце таксама:

Польшча афіцыйна паведаміла ў Мінск пра затрыманне ў Варшаве грамадзянкі Беларусі

Лукашэнка: Беларусь не мае дачынення да дронаў, што залятаюць у Польшчу або Літву

Украінец і 17-гадовая беларуска. Паліцыя Варшавы ўдакладніла інфармацыю пра затрыманых з дронам

У Варшаве нейтралізавалі дрон над урадавымі будынкамі

Прэзідэнт Польшчы дазволіў увесці ў краіну войскі НАТА

Каментары да артыкула