Памятаеце мінчука, які разам з маці прапусціў цела забітай дзяўчыны праз мясарубку? Дзядок кажа, што ён у турме звар'яцеў
У 2014 годзе ўсю Беларусь скаланула жахлівая гісторыя, калі тады 26‑гадовы Павел Цыняўскі забіў 18‑гадовую Юлію Саламаціну, а пасля, імкнучыся схаваць сляды, пры дапамозе сваёй маці расчляніў цела, зварыў унутраныя органы і прапусціў іх праз мясарубку. Забойца атрымаў 17 гадоў зняволення, а цяпер вызвалены 11 верасня былы палітзняволены Мікола Дзядок расказаў, што з ім здарылася ў турме.
Павел Цыняўскі
«Падчас усяго зняволення працягваліся нацкоўванні на мяне. Двойчы я зазнаў збіццё ў камерах. Мяне садзілі адмыслова з людзьмі з крайняй ступенню шызафрэніі, з якімі знаходзіцца побач 15 хвілін — ужо было катаванне. Раскажу выпадак, пра які я планаваў пазней расказаць.
У 2015 годзе ў Мінску судзілі такога Паўла Цыняўскага за тое, што ён забіў дзяўчыну ў сваёй кватэры, расчляніў, прапусціў ейнае цела праз мясарубку і змыў ва ўнітаз; ён хаваўся два тыдні, а потым сам здаўся.
Яму далі 17 гадоў, а за кратамі ён захварэў на моцны псіхічны разлад. Я пабачыў яго на гродзенскай «крытай», калі яго завялі ў маю камеру. У маленькай камеры з ім я прасядзеў восем дзён. З павагі да яго родных я не хацеў бы зараз пераказваць, што ён зараз з сябе ўяўляе.
Я лічу, што ўтрыманне з ім у камеры з'яўляецца сапраўднай формай катаванняў, бо нават пяць хвілін з ім у адным памяшканні правесці цяжка і небяспечна. Адміністрацыя хацела, каб я пачаў ламіцца з гэтай камеры, прынізіўся і пачаў іх прасіць адсадзіць ад яго. Але я не рабіў гэтага прынцыпова і вытрымаў гэтыя восем дзён», — расказаў Мікола Дзядок.
Чытайце таксама:
Забойцы 18‑гадовай Юліі Саламацінай зварылі сваю ахвяру — рэпартаж з залы суда
Забойцу Юліі Саламацінай асудзілі на 17 гадоў, яго маці на два гады