БЕЛ Ł РУС

Сальда прапанаваў Лукашэнку частку ўзбярэжжа ў Херсонскай вобласці

15.09.2025 / 13:50

Nashaniva.com

Херсонская вобласць можа выдзеліць Беларусі частку ўзбярэжжа для будаўніцтва санаторыяў. Аб гэтым заявіў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. 

«У Херсонскай вобласці ёсць узбярэжжы двух мораў — Азоўскага і Чорнага. Гэта цудоўныя месцы для адпачынку — запаведнікі, тэрмальныя крыніцы, — сказаў Уладзімір Сальда. — Мы гаварылі пра аднаўленне ўсёй гэтай сістэмы адпачынку, санаторна-курортнага лячэння».

Паводле яго слоў, Херсонская вобласць гатова выдзеліць беларусам месцы для адпачынку. «Нават гаварылі [пра такую] магчымасць: перададзім частку ўзбярэжжа, каб Беларусь там пабудавала свае базы, санаторыі, якія будуць карысныя жыхарам Беларусі», — дадаў ён.

Гаворачы аб іншых напрамках супрацоўніцтва з Беларуссю, Уладзімір Сальда адзначыў, што Херсонская вобласць славіцца прадукцыяй сельскай гаспадаркі.

«Гэта вырашчаная на паўднёвых землях агародніна, садавіна, таксама вядомая на ўсёй вялікай прасторы былога Савецкага Саюза. Гэта памідоры, кавуны, дыні, персікі, інжыр і ўсё, што расце ў нашых паўднёвых краях», — сказаў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі. 

«Наперадзе ў нас вялікі аб'ём працы. Мы ўсяляк будзем спрыяць развіццю Херсонскай вобласці», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы. 

Cальда дадаў, што ў Беларусі ён не адчувае сябе як госць: «Я прыехаў увогуле да сваіх сяброў».

Лукашэнка адказаў кіраўніку акупацыйнай адміністрацыі, што Беларусь — «гэта яго зямля», як і Украіна — лукашэнкаўская. 

«А вы і не госць. Мы з вамі савецкія людзі, шмат працавалі ў адзінай дзяржаве. Гэта ваша зямля так, як Украіна і Херсонская вобласць таксама мая зямля», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Раней Лукашэнка ўжо сустракаўся з кіраўніком «ДНР» Дзянісам Пушыліным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула