Дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод і чыгунку ў Ленінградскай вобласці — грузавы цягнік сышоў з рэек
У Ленінградскай вобласці атакаваны беспілотнікамі Кірышскі нафтаперапрацоўчы завод, а таксама сышоў з рэек грузавы цягнік.
Паводле ўкраінскіх каналаў, гэта пажар на Кірышскім нафтаперапрацоўчым заводзе
У расійскім горадзе Кірышы (Ленінградская вобласць) адбылася атака беспілотнікаў на мясцовы нафтаперапрацоўчы завод, адзін з найбуйнейшых у Расіі — яго магутнасць — каля 21 млн тон нафты ў год.
Паводле губернатара рэгіёна Аляксандра Драздэнкі, у раёне Кірышаў было збіта тры беспілотнікі, абломкі аднаго з іх сталі прычынай пажару на тэрыторыі завода. Пажар, як сцвярджаюць улады, аператыўна ліквідаваны, ахвяр няма.
Некаторыя тэлеграм-каналы, у тым ліку ўкраінскі Exilenova+, пішуць, што беспілотнікі нанеслі прамы ўдар па НПЗ і публікуюць фота гарэння.
У той жа час расійскае міністэрства абароны паведаміла, што толькі за ноч было збіта 80 беспілотнікаў у розных рэгіёнах краіны. Найбольшая колькасць БПЛА (30) зафіксавана над Бранскай вобласцю. У Ленінградскай вобласці, паводле Мінабароны, збіта два БПЛА, хоць губернатар казаў пра тры.
Акрамя таго, у Лужскім раёне Ленінградскай вобласці з рэек сышоў цеплавоз з пятнаццаццю пустымі цыстэрнамі. Здарэнне прывяло да прыпынення руху на гэтым участку і затрымкі дзесяці электрычак. Улады не выключаюць дыверсіі.