Удава Чарлі Кірка эмацыйна звярнулася да забойцы свайго мужа: Ты не ўяўляеш, што ты развязаў
Эрыка Кірк выступіла з прамовай на тэлебачанні. Удава з цяжкасцю стрымлівала эмоцыі і скрозь слёзы распавяла, як ганарыцца сваім мужам і як моцна ён любіў тое, што рабіў, піша Bild.
«Ён любіў жыццё, ён любіў сваё жыццё. Ён любіў Амерыку», — сказала місіс Кірк.
Але больш за ўсё Чарлі Кірк любіў сваю сям'ю — Эрыку і іх дваіх дзяцей: «ён заўсёды даваў мне зразумець гэта — кожны дзень». Кірк таксама падзякавала тым, хто спрабаваў выратаваць жыццё яе мужа, які сцякаў крывёй пасля стрэлу ў шыю, і звярнулася да Дональда Трампа: «Спадар прэзідэнт, мой муж любіў вас. Ваша сяброўства было цудоўным»
Затым яна знайшла некалькі слоў для забойцы: «Ты не ўяўляеш, што ты развязаў. Які агонь ты распаліў у гэтай удаве. Крыкі гэтай удавы будуць, як баявы кліч, гучаць па ўсім свеце».
Эрыка паабяцала, што дыскусій на кампусах універсітэтаў цяпер будзе яшчэ больш. «Твая спадчына стане найвялікшай, якую гэтая нацыя калі-небудзь бачыла», — звярнулася яна да нябожчыка мужа. Удава завяршыла прамову развітаннем з Чарлі: «Я не магу дачакацца таго дня, калі зноў буду з табой. Хай дабраславіць вас Бог і хай дабраславіць Бог Амерыку»»
Эмацыйны зварот Эрыкі Кірк трансляваўся ў жывым эфіры. Яна стаяла ў падкаст-студыі свайго забітага мужа, а побач — яго пустое крэсла і мікрафон.
Вядучага, прыхільніка Дональда Трампа 31-гадовага Чарлі Кірка застрэлілі ў сераду стрэлам у шыю, калі сустракаўся з прыхільнікамі ў адным з універсітэтаў Юты. У забойстве падазраецца 22-гадовы Тайлер Робінсан, які быў затрыманы.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс асабіста сваім самалётам даставіў труну з целам Кірка ў Арызону, дзе жыў забіты.