БЕЛ Ł РУС

Павел Латушка папрасіў улічыць магчымасць стварэння гуманітарнага калідору на выпадак форс-мажору на польскай мяжы

13.09.2025 / 15:10

Nashaniva.com

Рашэнне аб закрыцці польска-беларускай мяжы з прычыны вучэнняў «Захад-2025» стала тэмай сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі і спікера КР Арцёма Брухана з упаўнаважаным прадстаўніком міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі Адамам Халацінскім.

Арцём Брухан, Адам Халацінскі і Павел Латушка. Фота: АПК

Павел Латушка адзначыў, што АПК выступае з пазіцыяй неабходнасці ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку эканамічнага, каб прымусіць рэжым змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку. Адначасова для Кабінета важна захаванне магчымасці паездак для беларусаў у краіны ЕС.

Разумеючы пазіцыю Польшчы, якая прымае рашэнні ў інтарэсах нацбяспекі, Павел Латушка звярнуў увагу польскага боку і на важнасць захавання міжчалавечых кантактаў і падтрымкі еўрапейскай арыентацыі беларусаў.

Прадстаўнік МЗС Польшчы папрасіў з разуменнем паставіцца да сітуацыі, якая склалася, і адзначыў, што гэтае рашэнне не мае на мэце нанесці шкоду грамадскім інтарэсам, як грамадзян Беларусі, так і грамадзян Польшчы.

Тым не менш, на сёння пазіцыя польскага боку заключаецца ў тым, што памежны рух на беларуска-польскай мяжы будзе адноўлены толькі тады, калі з’явіцца ўпэўненасць, што бяспека грамадзян Польшчы гарантавана, і што не будзе рызык правакацый і магчымых агрэсіўных дзеянняў супраць Польшчы.

На пытанне аб тым, якім чынам будзе дзейнічаць польскі бок у выпадку ўзнікнення неабходнасці перасячэння мяжы ў гуманітарных мэтах, прадстаўнік МЗС Польшчы адзначыў, што рашэнне знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі МУС Польшчы.

Таксама ўвага была нададзеная праблеме палітзняволеных у Беларусі. Падкрэслена, што іх вызваленне з’яўляецца адным з ключавых патрабаванняў дэмакратычнага руху і міжнародных партнёраў. Звернута ўвага на магчымыя механізмы падтрымкі і дапамогі з боку Польшчы ў выпадку вызвалення вялікіх груп палітвязняў, у тым ліку гуманітарнай і сацыяльнай дапамогі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула