БЕЛ Ł РУС

Трамп паставіў новыя ўмовы для ўвядзення «маштабных» санкцый супраць Расіі

13.09.2025 / 14:47

Nashaniva.com

Краіны NATO павінны самі ўвесці такія абмежаванні, а таксама мыты ў дачыненні да Кітая і спыніць закупляць расійскую нафту. Трамп пры гэтым замаўчаў, што нафту ў Расіі працягваюць закупляць толькі ідэалагічна блізкія яму Венгрыя і Славакія.

Фота: Win McNamee / Getty Images

Пра гэта прэзідэнт ЗША паведаміў у лісце, адпраўленым «усім краінам NATO і свету».

З ягоных слоў, тое, што краіны, якія ўваходзяць у альянс, прадаўжаюць закупляць нафту ў Расеі «моцна аслабляе вашу перамоўную пазіцыю і рычагі ціску на Расею».

Таксама «акажа вялікую дапамогу ў спыненні гэтай смяротнай, але абсурднай вайны» ўвядзенне краінамі НАТА пошлін» ад 50% да 100% на Кітай, якія будуць цалкам знятыя пасля заканчэння вайны паміж Расіяй і Украінай», лічыць Дональд Трамп.

«Я гатовы дзейнічаць, калі вы будзеце гатовыя. Проста скажыце, калі. Калі NATO зробіць так, як я кажу, вайна хутка скончыцца, і ўсе гэтыя жыцці будуць выратаваныя! Калі няма, вы проста марнуеце мой час, а таксама час, сілы і грошы Злучаных Штатаў», — напісаў прэзідэнт ЗША.

У сваім допісе Трамп узгадаў, што гэта вайна Байдэна і Зяленскага, але нават не згадаў Пуціна і Расію — хоць не Украіна атакавала Расію, а Расія ўварвалася ва Украіну і захапіла яе тэрыторыі.

У рэальнасці Еўропа скараціла закупкі расійскай нафты з 16,4 млрд долараў у 2021 годзе да 1,7 млрд у 2025. Прычым цяпер расійскую нафту закупляюць у асноўным Венгрыя і Славакія — дзе ва ўладзе сілы, ідэалагічна блізкія Трампу. Іх у сваім пасце Трамп не згадвае.

Да 2027 года Еўропа плануе цалкам адмовіцца ад закупак расійскага звадкаванага прыроднага газу на споце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула