У Тэатры лялек адмянілі спектакль паводле казак братоў Грым
Сёння ў Тэатры лялек у Мінску мусіла адбыцца прэм’ера спектакля ў рэжысуры Яўгена Карняга «Сёстры Грым». Але паказ чорнай камедыі адмянілі «па тэхнічных прычынах», піша Reform.news.
Фрагмент афішы спектакля «Сёстры Грым». Фота: сайт тэатра
Гледачам прапаноўваецца сёння і ў бліжэйшыя дні замест прэм’еры наведаць пастаноўку «Мроіва». Таксама ў афішы заменены паказы спектакля ў кастрычніку.
«Па тэхнічных прычынах 13 і 14 верасня, а таксама 16, 17 і 30 кастрычніка ў 19:00 замест спектакля «Сёстры Грым» адбудзецца спектакль «Мроіва». Запланаваны на 31 кастрычніка спектакль «Сёстры Грым» — адменены», — адзначаецца ў сацсетках тэатра.
Пастаноўка «Сёстры Грым», якая звярталася да культавага спектакля «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», пастаўленага Яўгенам Карнягам у 2015 годзе, брала ў поле ўвагі ўнутраны свет жанчыны, разважала пра боль і каханне.
«Спектакль «Сёстры Грым» уцягвае гледачоў у таямнічы свет, дзе пачынаеш глядзець казку, якая раптам абарочваецца падрабязным даследаваннем жаночай душы. Сярод ценяў мінулага з’яўляюцца тры ўвасабленні жаночай прыроды, тры ведзьмы. У кожнай — свая гісторыя. І кожная гатовая ёй падзяліцца. Рэальнасць пераплятаецца з фантазіямі. У яркіх, эмацыянальных маналогах гераінь чуваць не толькі сіла і абаяльнасць, але і глыбокі боль. Гэтыя жанчыны не шукаюць апраўданняў — яны проста хочуць расказаць, як чакалі кахання, але яно так і не прыйшло… «Сёстры Грым» — гэта разважанне пра тое, што значыць быць жанчынай, пра тое, што такое ўнутранае святло і каханне», — прэзентавала новы творы каманда тэатра.
Меркавалася, што перад публікай паўстане апгрэйд вядомай пастаноўкі, якая ішла на сцэне без малага шэсць сезонаў.