БЕЛ Ł РУС

Палітвязень расказаў, што цяпер з Фядутам і Паротнікавым у калоніі

12.09.2025 / 17:29

Вера Белацаркоўская

Былы палітвязень Вячаслаў Лазараў распавёў «Нашай Ніве» пра стан Аляксандра Фядуты і Андрэя Паротнікава, якія знаходзяцца за кратамі ў 15-й калоніі.

Аляксандр Фядута і Андрэй Паротнікаў. Фота: spring96.org

Палітолагі Аляксандр Фядута і Андрэй Паротнікаў адбываюць тэрмін у магілёўскай ПК-15, дзе яшчэ некалькі дзён таму знаходзіўся віцебскі журналіст Вячаслаў Лазараў. Вячаслаў аказаўся адным з палітвязняў, якія былі вызваленыя і гвалтоўна вывезеныя ў Літву 11 верасня.

Фядуту затрымалі ў красавіку 2021-га і асудзілі на 10 гадоў зняволення па абвінавачванні ў змове з мэтай дзяржперавароту. Паротнікаў, акрамя аналагічнага абвінавачвання, быў асуджаны яшчэ па чатырох артыкулах, у тым ліку па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве. Прысуд — тыя ж 10 гадоў.

Апеляцыю Паротнікава разгледзелі ў сакавіку 2025-га, то-бок мужчына знаходзіцца ў калоніі ўсяго некалькі месяцаў. Лазараў кажа, што Паротнікаў паводзіць сябе ў калоні асцярожна і не парушае тамтэйшыя правілы. І тым не менш, ён ужо апынуўся пад прэсінгам:

«Ідзе ціск, і я так разумею, што гэта нават не з боку адміністрацыі калоніі, а [ёсць загад] недзе зверху. Спачатку яго першы раз пасадзілі ў ШІЗА, а потым, праз невялічкі прамежак часу, зноў па нейкай надуманай нагодзе пасадзілі ў ШІЗА на 15 сутак. І літаральна перад вызваленнем мы даведаліся, што яму далі яшчэ два месяцы ПКТ».

Што датычыць Аляксандра Фядуты, ён, як кажа Лазараў, трымаецца добра, хаця і мае праблемы з сэрцам:

«Перасоўваецца з кійком, яму пастаянна дапамагае нехта з хлопцаў. Жартуе, трымаецца бадзёра і яшчэ падтрымлівае хлопцаў.

Калі былі памілаванні, ён звяртаўся да ўсіх — маўляў, не турбуйцеся, пішыце [прашэнні] на памілаванне, галоўнае выйсці на волю, а ў мяне такой магчымасці проста няма».

Калі з'явіліся заявы Трампа пра вызваленне беларускіх палітвязняў, з'явіўся шанс, што могуць вызваліць і Фядуту, лічыць Вячаслаў:

«Калі з ім гутарылі апошні раз, ён з сумам казаў — перажывае, што не застанецца ў Беларусі, і будзе не пры справах недзе за мяжой. Перажывае за сваіх блізкіх. Бачна, што ў вачах цяпліцца надзея, бо ўжо колькі гадоў ён сядзіць.

Гэта гонар Беларусі, чалавек, з якім цікава пагутарыць».

Чытайце таксама:

Мікола Дзядок: Негвалтоўны супраціў не працуе, калі такі тэрор, як у лукашэнкаўскай Беларусі

«Такое ўражанне, што Віктара Бабарыку таксама рыхтуюць да вызвалення»

Вацлаў Арэшка цалкам аслеп. «Самае страшнае — уначы навобмацак хадзіць у туалет»

Каментары да артыкула