БЕЛ Ł РУС

Як цяпер можна выехаць і заехаць у Еўрасаюз, калі польская мяжа закрытая?

16.09.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Польшча цалкам спыніла рух на мяжы з Беларуссю ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025». Многія беларусы засталіся ў Еўрасаюзе не ведаючы, як вяртацца назад. Некаторыя нават паспелі заказаць аўтавоз для вяртання сваёй машыны ў Беларусь.

Людзі не ведалі, што рабіць з машынамі

У найбольш складанай сітуацыі апынуліся беларусы, якія засталіся ў Еўрасаюзе на аўто з беларускімі нумарамі і не паспелі вярнуцца ў Беларусь праз Польшчу.

Запыт «ці можна вярнуцца машынай з беларускай рэгістрацыяй праз Літву» быў адным з самых папулярных у прыгранічных чатах.

Пры гэтым для некаторых з'яўлялася навіной, што ехаць на беларускай машыне праз Літву могуць толькі тыя, хто мае літоўскі ВНЖ, візу або грамадзянства адной з краін Еўрасаюза.

Любая віза, выдадзеная не Літвой, як і ВНЖ іншых краін, не даюць права на праезд па тэрыторыі Літвы на аўто з беларускай прапіскай.

Таму для тых, хто не мае грамадзянства ЕС, візы або ВНЖ Літвы закрыццё мяжы Польшчай стала сапраўднай праблемай.

Аднак у пятніцы стала вядома, што літоўскі бок вырашыў дазволіць машынам з беларускімі нумарамі, якія вяртаюцца ў Беларусь, перасякаць сваю мяжу. Гэтае правіла будзе дзейнічаць часова, на перыяд закрыцця мяжы Польшчай. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Такім чынам вярнуцца ў Беларусь праз Літву дазволілі ўсім, хто не паспеў зрабіць гэта праз Польшчу незалежна ад тыпу візы і ВНЖ.

Але выехаць з Беларусі праз Літву на аўто з беларускімі нумарамі па-ранейшаму могуць толькі грамадзяне ЕС, а таксама ўласнікі візы або ВНЖ, выданых Літвой.

З Латвіяй — без перамен

З Латвіяй складаней, бо там праезд на машыне з беларускімі нумарамі забаронены для ўсіх без выключэнняў. І Латвія ў адрозненне ад Літвы на ніякія паслабленні не пайшла.

Да таго ж з 1 верасня дзейнічаюць новыя правілы ўезду ў Латвію. Беларусам трэба не пазней чым за 48 гадзін да ўезду (у тым ліку транзітнага) запоўніць спецыяльную электронную анкету з асабістымі данымі і маршрутам.

Выключэнне толькі для тых, хто мае ДНЖ або візу, выдадзеныя Латвіяй.

Наяўнасць ДНЖ (часовага ці пастаяннага) любой з іншых краін ЕС не вызваляе ад абавязку запаўняць анкету за 48 гадзін да прыезду ў Латвію.

Колькі каштуе вярнуць машыну аўтавозам?

Паколькі дакладная дата, калі можа быць адноўлены рух праз беларуска-польскую мяжу, невядомая, а пра магчымасць выезду праз Літву абвесцілі толькі ў пятніцу, многія ў прыгранічных чатах пачалі цікавіцца, колькі будзе каштаваць даставіць аўто з Польшчы ў Беларусь на лафеце або аўтавозам.

Да закрыцця мяжы за дастаўку машыны з такіх лакацый, як Клайпеда, Марыямпале, Варшава, перавозчыкі бралі па 600-700 еўра. Таму вяртанне самому на аўтобусе, а машыны перавозчыкам — гэта даволі істотная сума.

Нягледзячы на тое, што Літва даволі хутка дазволіла вяртацца праз сваю тэрыторыю, у чатах ужо былі людзі, якія паспелі дамовіцца на вываз машыны аўтавозам.

Адзін з карыстальнікаў прыгранічнага чата, які быў вымушаны шукаць дастаўку аўто аўтавозам, падзяліўся сваёй гісторыяй.

Сям'я не паспела вярнуцца з адпачынку праз затрымку самалёта і захрасла ў Варшаве з машынай на беларускай рэгістрацыі. Шэнгенскія візы ў іх былі да 14 верасня, таму часу на прыняццё рашэння было няшмат.

«Задача: з'ехаць, забраўшы з сабой машыну, і не атрымаць бан у Шэнген», — пісаў карыстальнік.

Фота: скрыншот телеграм-чата @terespol

Паміж Турцыяй і аўтавозам

Далей ён прыводзіў два варыянты з пралікамі, як можна выканаць гэтую задачу. Першы — ехаць праз Турцыю на машыне, альбо адправіць аўто назад у Беларусь аўтавозам, а самім вяртацца аўтобусам праз Літву.

Па падліках беларуса, выдаткі на такое вымушанае падарожжа праз Турцыю на сям'ю з трох чалавек склалі б каля 1850 еўра.

Таму выбралі другі варыянт: ехаць самім аўтобусам праз Літву, а машыну пакінуць на паркоўцы пад Варшавай.

Пазней у тым жа чаце карыстальнік адпісаў справаздачу, што знайшоў перавозчыка за 600 еўра, з якім едзе заключаць дамову.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мяркуючы па колькасці запытаў на атрыманне кантактаў перавозчыкаў, людзей, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, было нямала, але паслабленні з боку Літвы зрабілі гэты запыт неактуальным.

У невызначанай сітуацыі былі і турысты, якія адправіліся ў аўтобусны тур па Еўропе. Але і для іх сітуацыя таксама вырашылася пазітыўна. Тым больш у адрозненне ад легкавых аўто аўтобусы прапускае не толькі Літва, але і Латвія.

Таму асноўная праблема цяпер не ў тых, хто не паспеў вярнуцца ў Беларусь з Еўрасаюза, а ў тых, хто не паспеў вярнуцца з Беларусі ў ЕС.

Так, напрыклад, за 30 хвілін да закрыцця ПП «Брэст», у электроннай чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу было зарэгістравана 1280 машын.

Тым не менш, на павелічэнне чэргаў на мяжы з Латвіяй і Літвой гэта не паўплывала. Выезду ў Літву ў Каменным Лозе і Беняконях чакае менш за 100 аўтамабіляў. На мяжы з Латвіяй чаргі з легкавых аўта ўвогуле няма.

Як выехаць у Польшчу?

Бліжэйшы шлях у Польшчу ляжыць праз Літву, а бліжэйшыя білеты з Мінска або Гродна ёсць толькі на 22—23 верасня. Цэны ад 200 рублёў.

Але дабрацца да Літвы і пасля пры неабходнасці да Польшчы можна нашмат хутчэй. Так, на сайце ecolines.net ёсць білеты па маршруце Мінск — Рыга за 80 еўра (каля 284 руб.). Аўтобус едзе праз Беняконі.

Фота: скрыншот з сайта ecolines.net

На сайце «Атлас» бліжэйшыя квіткі ў Рыгу з выездам на 16 верасня. Цана — 240 рублёў.

Таксама ў Ecolines можна набыць квіткі з Мінска ў Варшаву за 130 еўра з перасадкай у Вільні. Бліжэйшыя вольныя месцы ёсць на 16 верасня. Меркаваны час паездкі — суткі.

Калі могуць адкрыць мяжу?

Хоць само закрыццё польскі бок называе часовым, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кярвінскі патлумачыў: «Памежныя пераходы будуць адкрытыя толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўненыя, што для Польшчы, для польскіх грамадзян гэта не ўяўляе ніякай пагрозы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула