Беларускі журналіст заклікаў біць артылерыяй па Драздах, а не таргавацца
Журналіст Канстанцін Каверын, вядучы праграмы «Обычное утро» на ютубе, выказаўся ў сацсетках пра праведзенае сёння вызваленне палітвязняў у абмен на зняцце амерыканскіх санкцый з авіякампаніі «Белавія». Ён лічыць гэта трыумфам Лукашэнкі і цяжкім ударам для апазіцыі яму.
Канстанцін Каверын на Канферэнцыі «Новая Беларусь» 3 жніўня 2024 года. Фота: прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай
Каверын называе тое, што адбылося, трагедыяй:
«Таму што за кожнага з 52 адпушчаных закладнікаў будуць закатаваныя ў лукашысцкіх засценках і забітыя на вайне ва Украіне — сотні і тысячы».
Ён разам з усімі «бясконца рады за вызваленых, за іх сем'і» і прызнае, што гэта «па-чалавечы — вельмі важна»
«Але! Гэта не вырашэнне пытання. Гэта трыумф Лукашэнкі, які вытаргаваў і зняцце санкцый з «Белавія», і цэлую амбасаду ЗША ў Мінску ўсяго толькі за 52 душы (прашу прабачэння за цынізм, але не я ўвёў гэтую сістэму каардынатаў)».
Душ жа такіх у яго «не тысяча, не дзве і не тры. А столькі, колькі яму спатрэбіцца».
Яснага адказу, што рабіць замест гэтага, у Каверына няма.
«Напэўна, варта было б біць цяжкай артылерыяй па Драздах. Так я адказаў бы. Але гэта ўсё — пустое. Пакуль канстатуем: Лукашэнка і Пуцін, ваенныя злачынцы, крыважэрныя дыктатары, забойцы, злодзеі і проста мярзотнікі, — яны сёння на кані».
Чаму так атрымалася, адказу таксама журналіст не сфармуляваў, ён толькі канстатуе:
«Мне ж цяпер трэба неяк перажыць гэты цяжкі ўдар. Гэтую трагедыю. […] Невыносна. Як быццам прыйшло цвёрдае і канчатковае разуменне: усё і праўда было дарма».
Чытайце таксама:
«Жы-ве Бе-ла-русь!» Палітвязні выйшлі да людзей, што сабраліся іх сустрэць ВІДЭА
Каб застацца ў Беларусі, Мікалаю Статкевічу давялося нагою выбіць дзверы аўтобуса