Журналіст Манцэвіч, блогеры Казлоў і Вінаградаў, палітык Кучук. паплечнікі Аўтуховіча і Статкевіча. Хто яшчэ з палітвязняў вызваліўся сёння?
Робяцца вядомымі ўсё больш прозвішчаў палітвязняў, вызваленых Лукашэнкам 11 верасня. Сярод іх — нямала вядомых асоб.
Дзмітрый Казлоў
У спісах вызваленых блогер Дзмітрый Казлоў «Шэры кот». Ён адбываў пакаранне ў калоніі для рэцыдывістаў у Мазыры.
Павел Вінаградаў
Таксама на свабодзе Павел Вінаградаў. Ён тройчы палітвязень
Галіна Дзербыш
Гродзенская пенсіянерка Галіна Дзербыш таксама вызваленая. Яна з групы Міколы Аўтуховіча.
Сяргей Спарыш
У спісе памілаваных Сяргей Спарыш, паплечнік Міколы Статкевіча.
Аляксандр Манцэвіч
Вызвалены рэдактар маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч. Унук беларуса-палітвязня часоў міжваеннай Польшчы, гэты выбітны 67-гадовы журналіст адмовіўся прызнаць віну на працэсе над сабой, таму прысуд яму быў асабліва жорсткі.
Ілля Дубскі
На свабодзе Ілля Дубскі з Асіповічаў.
Мікалай Хіла
На свабодзе евангельскі прапаведнік Мікалай Хіла.
Гэты прапаведнік з царквы хрысціян-баптыстаў «Дабравесце» быў затрыманы ў 2024 годзе і асуджаны па артыкулах 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) суддзёй Аленай Ананіч.
КДБ унёс гэтага верніка ў «спіс тэрарыстаў».
Дзмітрый Кучук
На свабодзе палітык Дзмітрый Кучук, лідар Партыі зялёных.
Яго затрымалі, калі ён прынёс кветкі да амбасады Расіі ў Мінску, каб ушанаваць памяць закатаванага ў расійскай калоніі Аляксея Навальнага. Кучука (на сёння яму 51 год), бізнэсоўца і кіраўніка незадоўга да таго забароненай экалагічнай партыі, абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса: «масавыя беспарадкі».
Юлія Фенер
На свабодзе Юлія Фенер, жонка брытанскага дыпламата.
Яна была асуджаная зусім нядаўна, мае брытанскі і беларускі пашпарты.
Андрэй Крылоў
Вызваліўся 63-гадовы інжынер Андрэй Крылоў з Ваўкавыска.
Павел Нікіценка
Павел Нікіценка прыехаў на мяжу з бабруйскай калоніі
Работнік разлікова-даведкавага цэнтра з Віцебска атрымаў чатыры з паловай гады зняволення.
Віталь Бандарук
Сярод вызваленых Віталь Бандарук з Камянецкага раёна.
Якаў Шафарэнка
Якаў Шафарэнка з Брэста быў асуджаны за «масавыя беспарадкі». Цяпер ён на свабодзе.
Яўген Сямёнаў
Мінчук Яўген Сямёнаў сядзеў па шэрагу палітычных артыкулаў, а таксама за ўхіленне ад хатняй хіміі па наркатычным 328 артыкуле.
Глеб Гладкоўскі
Глеб Гладкоўскі быў затрыманы ў Брэсце за каментары пра загінулага кадэбіста. Ён вядомы арганізатар аэраздымак квадракоптарамі.
Святаслаў Шубіч
Cвятаслаў Шубіч быў у шклоўскай калоніі. Ён асуджаны па палітычных артыкулах, а таксама па наркатычным.
Андрэй Сцепанькоў
Андрэй Сцепанькоў з Рагачоўскага раёна быў асуджаны па 10 палітычных артыкулах.
Андрэй Хвескавец
Андрэй Хвескавец з Пінска быў удзельнікам паслявыбарчых падзей у сваім горадзе.
9 жніўня 2020 года жыхары горада выйшлі на пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў. Яны спрабавалі заняць будынак гарвыканкама. Для падаўлення пратэстаў улады былі вымушаныя перакінуць у горад спецназ з Мінска.
Рэпрэсіі на Палессі закранулі тысячы людзей, сотні атрымалі доўгія турэмныя тэрміны: пераважна гэта простыя рабочыя.
Ігар Цяпцееў
Ігар Цяпцееў разам з сябрамі вывесіў украінскі і беларускі нацыяльнальны сцягі пасля падрыву ўкраінскай разведкай Крымскага моста.
За гэта яму прысудзілі тры з паловай гады зняволення.
Аляксей Сіленка
Вызвалены архітэктар і барабаншчык Аляксей Сіленка.
Максім Вінярскі
У спісах на вызваленне і вядомы актывіст Максім Вінярскі. Але незразумела, ці ён перайшоў мяжу, ці застаецца на нейтральнай паласе.
Чытайце таксама:
Ціск Польшчы даў вынік: на свабоду масава выйшлі журналісты «Белсата». Але пакуль не Пачобут
ФОТА з беларуска-літоўскай мяжы проста зараз. Найхутчэй, у кадры Мікола Статкевіч