Журналіст Анджэй Пачобут намінаваны на прэмію Сахарава
Беларускі журналіст польскага паходжання, што знаходзіцца за кратамі, стаў кандыдатам ад групы ECR (European Conservatives and Reformists) на прэмію Сахарава за свабоду думкі 2025 года
ECR group
«Наша намінацыя гэтай адважнай і натхняльнай асобы паказвае нашу непахісную падтрымку дэмакратычных галасоў апазіцыі ў дыктатарскай Беларусі», — сказала Малгажата Гасеўская, старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю ў Еўрапейскім парламенце
Прэмія Сахарава за свабоду думкі — гэта штогадовая ўзнагарода Еўрапейскага парламента, якая прызначаецца асобам або арганізацыям, якія адстойваюць правы чалавека і свабоду меркаванняў. Названая ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, і прызнаная адной з самых прэстыжных прэміяў у праваабарончай галіне. Першымі лаўрэатамі прэмілі сталі ў 1988 годзе вязень на той момант Нельсан Мандэла і ўкраінскі дысідэнт Аляксандр Марчанка.
Ад Беларусі лаўрэатамі прэміі былі Беларуская асацыяцыя журналістаў (2004), Аляксандр Мілінкевіч (2006), беларуская апазіцыя (2020). У мінулым годзе лаўрэатамі прэміі сталі лідары венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада і Эдмунда Гарсія Гансалес.