Колькі каштуе дабрацца ў Польшчу за дзень да закрыцця мяжы. Цэны ўражваюць, а махляры не спяць
У ноч з 11 на 12 верасня Польшча цалкам закрывае мяжу з Беларуссю. Паглядзелі, што адбываецца на мяжы за суткі да закрыцця і колькі каштуе тэрмінова праехаць.
Праедуць не ўсе
Па стане на 14 гадзін 10 верасня, у электроннай чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу налічваецца 1410 легкавых аўто.
З улікам таго, што за суткі праязджае ў сярэднім каля 700 машын, вынікае, што праедуць не ўсе, бо да закрыцця мяжы застаецца 34 гадзіны.
Атрымліваецца, што адзіны спосаб гарантавана паспець дабрацца ў Польшчу на машыне з беларускімі нумарамі, калі ў вас няма літоўскай візы або ДНЖ, — гэта знайсці пасажыра, які мае права на прыярытэтнае перасячэнне мяжы.
Фота: скрыншот з сайта gpk.gov.by
Самы танны варыянт — 200 еўра, праўда, за пасажырам з прыярытэтам давядзецца ехаць аж у Слонім. Ёсць прыярытэтныя пасажыры і з іншых гарадоў, напрыклад, з Гродна.
Іншыя просяць ад 250 да 300 еўра.
Махляры таксама ў тэме?
Таксама варта адзначыць, што ёсць падазроныя прапановы. Амаль адразу пасля з'яўлення запыту пра пошук прыярытэту людзям адпісвае нібыта дзяўчына па імені Юлія, якая прапануе падзяліцца кантактам таго, хто нібыта дапамагаў ёй з праездам праз мяжу без чаргі.
Далей ужо з іншага акаўнта пішуць, што прыярытэт ёсць, але патрэбныя наступныя даныя: марка, мадэль, колер аўто, рэгістрацыйныя нумары і аплата. Пасля чаго нібыта льготнік будзе чакаць чалавека ў Брэсце. Аплаціць трэба загадзя, пераводам на польскі рахунак. Кошт паслугі ў памагатара — усяго 500 злотых (каля 120 еўра).
Адразу тры чалавекі цягам адной хвіліны шукаюць месцы, каб трапіць у Польшчу. Фота: скрыншот
Колькі каштуе сесці на падсадку?
За правоз праз мяжу бяруць ад 50 еўра. З Брэста да Варшавы можна дабрацца за 80-100 еўра. Вольныя месцы разбіраюць вельмі хутка. Падсесці ў 3-4-ты аўтобус раніцай 10 верасня можна было за 50 еўра, бліжэй да сярэдзіны дня тарыф вырас да 70 еўра.