БЕЛ Ł РУС

«Гэта акт вайны»: кангрэсмен ЗША заявіў, што Расія атакавала НАТА

10.09.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Кангрэсмен-рэспубліканец, член камітэта Палаты прадстаўнікоў ЗША па ўзброеных сілах Джо Уілсан заявіў, што расійская атака дронаў на Польшчу — гэта падстава для адміністрацыі Дональда Трампа неадкладна ўвесці жорсткія санкцыі супраць Крамля і ўзмацніць ваенную падтрымку Украіны.

Джо Уілсан. Фота: Photo by Nathan Posner / Anadolu via Getty Images

«Расія атакуе члена НАТА Польшчу іранскімі дронамі менш чым праз тыдзень пасля таго, як прэзідэнт Трамп прыняў прэзідэнта [Польшчы] Наўроцкага ў Белым доме. Гэта акт вайны, і мы ўдзячныя саюзнікам па НАТА за іх хуткую рэакцыю на несправакаваную агрэсію вайсковага злачынцы Пуціна супраць свабодных народаў», — напісаў ён.

Кангрэсмен заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўвесці санкцыі, якія маглі б паралізаваць расійскую ваенную машыну, а таксама даць Украіне сучаснае ўзбраенне для ўдараў па тэрыторыі Расіі.

Ён адзначыў, што Пуцін больш не абмяжоўваецца толькі вайной ва Украіне, а цяпер «наўпрост выпрабоўвае нашу рашучасць на тэрыторыі НАТА».

 «Пуцін заявіў, што «Расія не ведае межаў». Свабодныя і квітнеючыя нацыі навучаць Расію, што такое межы», — дадаў ён.

Уначы 10 верасня паветраную прастору Польшчы атакавалі расійскія беспілотнікі. Хаця ў афіцыйных паведамленнях спачатку было ўказана толькі тое, што аэрапорты зачыненыя «ў выніку незапланаванай ваеннай актыўнасці ў рамках забеспячэння бяспекі дзяржавы».

Польскае аператыўнае камандаванне паведаміла, што ў паветра былі паднятыя не толькі польскія знішчальнікі, але і самалёты іншых краін-саюзнікаў. У стан найвышэйшай гатоўнасці былі прыведзены наземныя сілы СПА.

Польшча збірае экстранную раду бяспекі.

Чытайце таксама:

Польшча пацвердзіла парушэнне паветранай прасторы Расіяй: улады заклікалі людзей не выходзіць з дому

Расія нанесла масіраваны ўдар ракетамі і дронамі па Украіне. Польшча закрывала аэрапорты Варшавы і Любліна з-за шахедаў

Каментары да артыкула