Паветраную прастору Польшчы парушылі шматлікія беспілотнікі. Закрываліся аэрадромы, дроны збівала авіяцыя НАТА
Беспрэцэдэнтнае парушэнне польскай паветранай прасторы. Адзін з дронаў упаў на жылы дом у Люблінскім ваяводстве. Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы афіцыйна пацвердзіла парушэнне паветранай прасторы краіны і заклікала людзей да завяршэння ваеннай аперацыі заставацца дома. У Варшаве спешна сабралася кіраўніцтва краіны.
Дом у вёсцы Вырыкі Люблінскага ваяводства, на які ўпалі абломкі дрона. Фота з канала Nexta
Намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык напісаў: «Звяртаем увагу, што падчас сённяшняга нападу Расійскай Федэрацыі, якая наносіць удары па аб'ектах, размешчаных на тэрыторыі Украіны, наша паветраная прастора неаднаразова парушалася аб'ектамі тыпу беспілотнік».
Па загадзе камандуючага Аператыўнага штаба УС Польшчы было ўжыта ўзбраенне, працягваецца пошук збітых дронаў.
Шахед. Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka
«Падкрэсліваем, што ваенная аперацыя працягваецца і заклікаем заставацца дома. У найбольшай небяспецы знаходзяцца Падляскае, Мазавецкае і Люблінскае ваяводствы. Аператыўнае камандаванне УС Польшчы маніторыць сітуацыю, а падпарадкаваныя сілы і сродкі знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці да неадкладнага рэагавання», — напісаў Томчык.
На працяглы час спынялі прыём самалётаў аэрапорты Варшава, Модлін, Люблін і Рашаў (Жэшуў).
Паведамляецца, што адзін з дронаў упаў на жылы дом у Люблінскім ваяводстве, аднак абышлося без ахвяр.
Польшча падняла па трывозе сілы тэрытарыяльнай абароны і паліцыю.
Усе расійскія дроны, якія парушылі паветраную прастору Польшчы, былі збітыя, паведамілі ў аператыўным камандаванні.
Польскія вайскоўцы падзякавалі за дапамогу Паветранаму камандаванню НАТА і Каралеўскім паветраным сілам Нідэрландаў, чые знішчальнікі F-35 дапамагалі забяспечваць бяспеку ў польскім небе.
Цяпер ідзе пошук месцаў падзення абломкаў.
Сённяшняя сітуацыя беспрэцэдэнтная: упершыню дроны, якія парушылі паветраную прастору краіны НАТА, збівала авіяцыя.