БЕЛ Ł РУС

Расія нанесла масіраваны ўдар ракетамі і дронамі па Украіне. Польшча закрывала аэрапорты Варшавы і Любліна з-за шахедаў

10.09.2025 / 6:54

Nashaniva.com

У паветранай прасторы Украіны знаходзілася больш за сто беспілотнікаў рознага тыпу, і расіяне запускалі іх як з паўночнага напрамку — з Курскай вобласці, так і з паўднёвага — з Крыма. Польшча збівала дроны над сваёй тэрыторыяй.

Alerts.in.ua

Паветраная трывога была абвешчаная ў 11 абласцях на поўначы, поўдні і захадзе Украіны, расійскія шахеды даляцелі ноччу да крайняга захаду, і некалькі з іх пераляцелі мяжу з Польшчай».

Мэр Луцка Ігар Палішчук паведамляў пра дзесяць беспілотнікаў, што ляцелі на Луцк і іншыя месцы на Валыні. Луцк — сталіца Валынскай вобласці на самым паўночным захадзе Украіны.

Як паведамілі ўкраінскія каналы, у паветраную прастору Польшчы заляцелі чатыры ці пяць беспілотнікаў, і Польшча падняла ў паветра знішчальнікі і самалёт радыёлакацыйнай разведкі.

У паветра падняліся дзевяць расійскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў — носьбітаў крылатых ракет. З-за ўварвання расійскіх беспілотнікаў у паветраную прастору Польшчы, Польшча ўслед за аэрапортам Жэшава закрыла аэрапорт Любліна і абодва аэрапорты Варшавы.

У афіцыйных паведамленнях для авіятараў гаворыцца, што аэрапорты закрытыя «ў сувязі з незапланаванай ваеннай дзейнасцю ў рамках забеспячэння бяспекі дзяржавы».

Польскае аператыўнае камандаванне паведаміла праз сетку X, што ў паветра былі паднятыя не толькі польскія знішчальнікі, але і самалёты іншых краін НАТА. Акрамя таго, у стан найвышэйшай гатоўнасці былі прыведзены наземныя сілы ППА.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пацвердзіў, што польскія вайскоўцы ноччу збівалі аб’екты, якія парушылі паветраную мяжу краіны, але не сказаў, што гэта былі расійскія беспілотнікі.

«Ідзе аперацыя, звязаная з шматразовым парушэннем польскай паветранай мяжы. Супраць аб’ектаў армія ўжыла зброю. Я ў пастаянным кантакце з прэзідэнтам і міністрам абароны. Атрымаў даклад непасрэдна ад аператыўнага камандуючага», — гаворыцца ў запісе Дональда Туска ў сетцы X.

Польскія вайскоўцы абвясцілі, што яны і саюзнікі па НАТА паднялі ў паветра самалёты і прывялі ў поўную баявую гатоўнасць наземныя сілы СПА.

Пры гэтым прама пра расійскія беспілотнікі вайскоўцы, як і пазней Туск, не казалі. Украінскія маніторынгавыя каналы пішуць, што расіяне запусцілі з паўднёвага напрамку ракеты «Калібр», а ўсяго ў паветранай прасторы краіны знаходзіцца ўжо некалькі дзясяткаў крылатых ракет.

Канкрэтныя дадзеныя пра колькасць ракет моцна адрозніваюцца; украінскія вайскоўцы яе пакуль не называлі.

Тэлеграм-канал Паветраных сіл УСУ паведаміў пад раніцу пра новыя ракеты, што зайшлі ў паветраную прастору ў Чарнігаўскай вобласці.

«Расія запусціла шмат ракет, таксама працягваюцца атакі дронамі, якія з’яўляюцца пагрозай не толькі для нашых людзей. Краіна-тэрарыст працягвае вайну, хаця пастаянна дэкларуе жаданне міру», — напісаў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула