Трамп запэўніў кіраўніцтва Катара, што Ізраіль больш біць па іх тэрыторыі не будзе
У ЗША пракаментавалі сённяшні абстрэл Ізраілем сталіцы Катара Дохі, у якой прадстаўнікі руху ХАМАС нібыта сабраліся, каб абмеркаваць магчымасць перамір’я і абмен палоннымі.
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт паведаміла, што прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф папярэдзіў катарскія ўлады пра будучы ўдар, пацвердзіўшы тым самым здагадкі, што атака Ізраіля была ўзгодненая з Вашынгтонам.
Паводле слоў Лівіт, сам Трамп асабліва занепакоены тым, што ўдар быў нанесены менавіта на тэрыторыі Катара. Ён патэлефанаваў эміру і прэм’ер-міністру гэтай краіны, падзякаваў ім за падтрымку і сяброўства з ЗША і запэўніў, што такога больш не паўторыцца.
«Наносіць аднабаковыя авіяўдары па Катару — суверэннай краіне і блізкай саюзніцы ЗША, якая старанна працуе і, рызыкуючы, дапамагае нам у пасярэдніцтве дзеля міру, — не спрыяе мэтам ні Ізраіля, ні Амерыкі. Аднак ліквідацыя ХАМАС, які нажываўся на пакутах жыхароў Газы, з'яўляецца годнай мэтай», — сказала Кэралайн Лівіт.
Паводле яе слоў, Трамп, даведаўшыся пра тое, што Ізраіль рыхтуе атаку па Досе,
«неадкладна даручыў спецпрадстаўніку Уіткафу паведаміць катарцам пра будучую атаку, што той і зрабіў».
Акрамя таго, яна паведаміла, што Трамп таксама правёў тэлефонную размову з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху.
Чытайце таксама:
Больш за 10 выбухаў прагрымелі ў сталіцы Катара. Гэта вынік ракетных удараў Ізраіля
Рашэнне аб удары па Досе Ізраіль прыняў пасля тэракта ў Іерусаліме