Нарадзіўся ў Данецку, падтрымлівае рускі свет — што вядома пра дацэнта БДУ, які дапамагае тапіць у судзе журналіста Ільяша?
Доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі, які ўзначальвае кафедру тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філалагічным факультэце БДУ, выступае ў якасці лінгвістычнага эксперта на судзе супраць журналіста-палітвязня Ігара Ільяша.
Для Лебядзінскага такія задачы ставяцца не ўпершыню — у 2019 годзе ён увайшоў у Рэспубліканскую экспертную камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй праяваў экстрэмізму.
Даведаліся пра яго асобу больш.
Сяргей Лебядзінскі, фота: bsu.by
Што злачыннага эксперт знайшоў у тэкстах Ільяша?
Падчас адкрытага пасяджэння ў Мінскім гарадскім судзе 4 і 5 верасня Сяргей Лебядзінскі падзяліўся вынікамі псіхалінгвістычнай экспертызы пятнаццаці аналітычных артыкулаў аўтарства Ігара Ільяша — менавіта для яе правядзення суддзя Сяргей Кацар аб’явіў перапынак у разглядзе справы яшчэ ў сакавіку.
Праўда, па ўражаннях сведак, ацэнка зместу публікацый журналіста, прэзентаваная Сяргеем Лебядзінскім не выглядала экспертнай і, што галоўнае, не была непрадузятай. Журналіст Сяргей Ваганаў, дзед жонкі Ігара Ільяша, лічыць, што экспертыза заснаваная на палітычных поглядах спадара Лебядзінскага.
«Так, напрыклад, ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам «палітзняволеныя», бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусветнай паліталогіі. Як існуе і тэрмін «палітычная эміграцыя». Але, на думку эксперта, трэба карыстацца тэрмінам «беглыя апазіцыянеры». А тэрмін «дыктатура», якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны. (…)
Нельга пісаць і «вайна супраць Украіны», бо гэта, з гледзішча эксперта, «вайна супраць кіеўскага рэжыму», а не супраць народа, доказам чаго, лічыць эксперт, з’яўляецца тое, што расійскія войскі «не захопліваюць, дакладней, не вызваляюць гарады, таму што хвалююцца аб насельніцтве, што там жыве…». Лебядзінскі, безумоўна, мае права на такі пункт гледжання. Але прычым тут экспертыза?», — зазначаў Сяргей Ваганаў.
Ігар Ільяш, журналіст, аналітык, муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай
Варта адзначыць, што для правядзення падобных экспертыз суд ці следчы накіроўваюць запыт у Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, і яго старшыня сам абірае эксперта, які будзе працаваць па справе. Ігар Ільяш, дарэчы, агучваў хадайніцтва, каб экспертыза ладзілася менавіта ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, але суд яго не задаволіў.
«Суд заўсёды можа выбраць — звярнуцца ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз ці да нейкага прыватнага спецыяліста, у іх ёсць спісы пад розныя тэмы. То-бок выбар за судом. Але з камітэта таксама прыйшоў бы нейкі дзядзька, які б сказаў тое, што трэба. Проста рабіў бы гэта больш фармальна, без уласных думак наконт вайны. Падаецца, там няма такіх адыёзных прапагандыстаў», — падзяліўся з «Нашай Нівай» адзін з адвакатаў.
Лебядзінскага выбралі, таму што ён даўно спецыялізуецца ў тэме псіхалінгвістыкі.
«Але і чалавечыя якасці тут адыгралі сваю ролю. У асабістых размовах ён не хавае, што ён на баку вялікай Расіі і рускай мовы», — адзначае адзін з экс-супрацоўнікаў філфака.
Іншыя суразмоўцы адзначаюць, што калі б не Лебядзінскі, то знайшоўся б нехта іншы:
«Ведаеце, на маёй памяці была гісторыя, калі пры непажаданых для начальства выніках экспертызы на эксперта націскалі, а калі не атрымлівалася — проста прызначалі больш паслухмянага».
Яшчэ адна экс-выкладчыца БДУ дадае: «Я ведаю чалавека, якога таксама запрашалі для падобных экспертыз пару год таму. Ён прытрымліваўся зусім супрацьлеглай пазіцыі [не такой, як Лебядзінскі], падтрымліваў абвінавачанага, але гэта не дапамагло».
Так ці інакш, хоць Лебядзінскі і пазіцыянуе сябе як эксперт у псіхалінгвістыцы, па яго разважаннях бачна, што ні ў журналістыцы, ні ў палітыцы ён не разбіраецца, але пры гэтым дазваляе сабе вызначаць, як мусіў пісаць журналіст Ігар Ільяш.
Нарадзіўся ў Данецку, працаваў у Туле
Палітычныя погляды Лебядзінскага маглі сфармавацца ў сувязі з месцамі, дзе ён нарадзіўся і правёў юнацтва: мужчына паходзіць з Данецка. Пасля школы ён паступіў у Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт і па яго сканчэнні з 1981 па 1984 год працаваў асістэнтам кафедры рускай мовы і псіхалогіі Тульскага палітэхнічнага інстытута. У 1984 годзе ён пераехаў у Беларусь і з таго моманту працуе ў БДУ.
Хаця, як кажуць знаёмыя з ім філфакаўцы, раней ён ніяк сябе асабліва не праяўляў: «Ён быў ніякіх поглядаў, як і многія людзі да вядомых усім падзей».
Можна, вядома, лічыць працу з рускай мовай выключна прафесійнай зацікаўленасцю выкладчыка, але калі яна, сярод іншага, прадугледжвае ўдзел у арганізацыях і ініцыятывах, якія прасоўвае фонд «Рускі свет», створаны Уладзімірам Пуціным і ператвораны ў адзін з каналаў расійскай прапаганды, адной навукай справа наўрад ці абыйдзецца.
Гаворка ідзе, напрыклад, пра членства Лебядзінскага ў маскоўскім Савеце Базавай арганізацыі краін СНД па рускай мове, якім ён вельмі ганарыцца.
Сяргей Лебядзінскі справа, фота: bsu.by
Па інфармацыі «Белпола», Лебядзінскі ў шлюбе са сваёй калегай па БДУ Зояй Боцех. Яна з’яўляецца загадчыцай навучальнага кабінета. Дзяцей у пары няма. На рахунку дацэнта — дзевяць прыцягненняў па лініі ДАІ.
Адзін са знаёмых сям’і лічыць, што Лебядзінскі ўзяўся за гэтую працу не толькі па сваіх ідэалагічных перакананнях, у якіх пераважае рускі свет, але і для дадатковай капейчыны.
Сяргей Лебядзінскі, фота: bsu.by
«Канечне, грошы эксперты бяруць не самыя вялікія — каля тысячы рублёў, у залежнасці ад аб’ёмаў тэксту, але гэта ўжо салідная надбаўка да заробкаў БДУ. Акрамя таго, кажуць, што падчас абароны дысертацыі ў 2018 годзе працу Лебядзінскага моцна крытыкавалі. Дысертацыя на тэму «Кантэкстуальна-сэнсавыя стратэгіі разумення вуснай навуковай гаворкі» была вельмі слабой. Ён яе абараніў, але самаацэнку тады гэта зачапіла, і цяпер Лебядзінскі, дзе можна, выслужваецца ў межах сваіх навыкаў, даказваючы, што ён профі. Пацверджанне таму — той жа нагрудны знак Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі». Узнагароду Лебядзінскі атрымаў у тым ліку за «актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».
Чытайце таксама:
Палітвязень Паднябенны павесіўся ў ШІЗА магілёўскай калоніі
БДУ падвёў вынікі ўступнай кампаніі. Сталі вядомыя самыя папулярныя спецыяльнасці