Да чаго прывядзе поўнае закрыццё мяжы з Польшчай
Наступствы на сабе адчуюць і пасажыры (асабліва тыя, хто ездзіць на аўто), і грузаперавозчыкі.
Варшава. Фота: LookByMedia
Польшча закрывае мяжу з Беларуссю ў ноч з 11 на 12 верасня ў сувязі з расійска-беларускімі вучэннямі «Захад-2025», якія пройдуць з 12 па 16 верасня.
Як доўга мяжа будзе заставацца закрытай, дакладна невядома.
У тэматычных чатах некаторыя пішуць, што польскія памежнікі нібыта казалі ім, што мяжа будзе закрытай да 16 верасня (дата завяршэння вучэнняў). Але афіцыйнага паведамлення пра гэта пакуль не было.
Калапс з машынамі
На мяжы з Польшчай працуюць толькі два пункты пропуску — па адным для пасажырскага і грузавога руху.
Праз пункт пропуску «Брэст» за суткі праязджае па 600—800 легкавых аўто. Прыкладна столькі ж праязджае праз два пункты пропуску на мяжы з Літвой і адзін на мяжы з Латвіяй разам узятыя. То бок, на польскі кірунак прыходзіцца каля 50% патоку легкавых аўто.
Фота: тэлеграм-канал Пагранічнага камітэта Беларусі
Іншая важная акалічнасць у тым, што толькі праз Польшчу можна трапіць у Еўрасаюз на аўто з беларускімі нумарамі без асаблівых абмежаванняў.
Выехаць і заехаць праз Літву на аўто з беларускай рэгістрацыяй могуць толькі тыя, хто мае ДНЖ або візу, выдадзеныя Літвой. Праезд на аўто з беларускімі нумарамі па тэрыторыі Латвіі цалкам забаронены.
Атрымліваецца, што беларусы на аўто з беларускай рэгістрацыяй, якія не паспеюць пакінуць Еўрасаюз да закрыцця мяжы з Польшчай, не змогуць вярнуцца на машыне дадому.
Да таго ж, з 1 верасня дзейнічаюць новыя правілы ўезду ў Латвію. Беларусам трэба не пазней чым за 48 гадзін да ўезду (у тым ліку транзітнага) запоўніць спецыяльную электронную анкету з асабістымі данымі і маршрутам.
Выключэнне толькі для тых, хто мае ДНЖ або візу, выдадзеныя Латвіяй.
Наяўнасць ДНЖ (часовага ці пастаяннага) любой з іншых краін ЕС не вызваляе ад абавязку запаўняць анкету за 48 гадзін да прыезду ў Латвію.
Што з аўтобусамі?
Праз пункт пропуску «Брэст» штодня праязджаюць дзясяткі аўтобусаў, як маршрутных (не толькі ў розныя гарады Польшчы, але і ў іншыя краіны Еўропы), так і турыстычных. За суткі пры наяўнасці чаргі праз гэты пункт пропуску праязджае каля 120 аўтобусаў у кожны бок.
У выпадку з турыстычнымі аўтобусамі не ясна, як яны будуць вяртацца ў Беларусь пасля 12 верасня, бо Літва не прапускае праз сваю тэрыторыю турыстычныя аўтобусы з Беларусі.
Перавозчыкі ўжо пачынаюць інфармаваць людзей пра адмены рэйсаў у Польшчу ў сувязі з закрыццём мяжы.
Сітуацыя з грузаперавозкамі
З грузавым транспартам сітуацыя таксама вельмі складаная, паколькі праз «Казловічы» за суткі праязджае ў некалькі разоў больш грузавікоў, чым праз тры астатнія пункты пропуску.
Так, напрыклад, калі праз «Казловічы» за мінулыя суткі праехала 822 грузавікі, то праз два пункты пропуску на мяжы з Літвой і адзін з Латвія — усяго 202 грузавікі.
Фота: тэлеграм-канал Пагранічнага камітэта Беларусі
Нават калі закрыццё мяжы з Польшчай працягнецца толькі на час правядзення вучэнняў «Захад», гэта моцна паўплывае на тэрміны дастаўкі тавараў, а таксама можа выклікаць рост ставак на перавозкі.
Да таго ж апроч аўтадарожных пунктаў пропуску будзе закрыты і чыгуначны рух.
Якія ёсць альтэрнатыўныя шляхі, каб дабрацца ў Польшчу?
Ехаць праз Літву на машыне з беларускімі нумарамі можна толькі з літоўскай візай або ДНЖ Літвы. Таму больш рэалістычны варыянт — аўтобус. Апошнім часам рэйсаў стала менш. Бліжэйшыя білеты з Мінска ў Вільню ёсць на 15 верасня за 75 еўра. Вярнуцца з Літвы ў Беларусь прасцей — білеты ёсць нават на сёння і заўтра.
Яшчэ адзін варыянт трапіць у Польшчу — ехаць туды праз Расію. Для гэтага трэба ўзяць білет на цягнік да Калінінграда (білеты на бліжэйшыя дні каштуюць ад 285 рублёў). Час паездкі — 11,5 гадзіны. Выходзіць з цягніка на тэрыторыі Літвы забаронена, таму ў любым выпадку давядзецца ехаць у Калінінградскую вобласць. І адтуль ужо можна трапіць у Польшчу.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Самы дарагі спосаб дабрацца ў Польшчу або іншую краіну Еўропы — гэта набыць білет з Мінска ў Стамбул, а адтуль ужо ляцець у патрэбны горад. Да Стамбула ляцець 5,5 гадзіны. Праўда, цэны на білеты ў бліжэйшыя дні пачынаюцца ад 2250 рублёў.