Гісторык Ігар Мельнікаў выйшаў на волю
У верасні 2024 года ён быў асуджаны на чатыры гады калоніі. Але пасля тэрмін перагледзелі. 2 верасня Ігар Мельнікаў выйшаў на волю. Пра яго вызваленне паведаміла «Вясна».
Ігар Мельнікаў. Фота з яго фэйсбуку
Ігара Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года ў той жа час, калі адбылася аблава на салідарных з палітвязнямі.
Суд над ім пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складала шэсць гадоў калоніі, мінімальнае — хімія.
Мельнікаву далі 4 гадоў калоніі. Пасля Вярхоўны суд разглядаў яго апеляцыю і зменшыў тэрмін да 2 гадоў, таму 2 верасня 2025 года гісторык выйшаў на волю.
Ігару Мельнікаву 44 гады. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўніверсітэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.
Як раней пісала «Наша Ніва», Ігар спецыялізаваўся на гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ды ваеннай гісторыі, выдаў паўтара дзясятка кніг па тэме.
У гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць.
Мельнікаў крытыкаваў калег, а яны закідалі яму кан’юнктурнасць. Калі ў Беларусі наладжваліся адносіны з Польшчай, ён пісаў пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага. А пасля 2020-га пераключыўся на іншае.
Перад затрыманнем ён казаў, што рыхтуе кнігу пад назвай «Прыступіць да ліквідацыі». Па словах гісторыка, яна мусіла распавядаць пра «гісторыю барацьбы савецкіх міліцыянераў і чэкістаў супраць былых нацысцкіх памагатых і калабарацыяністаў… [і ўтрымліваць] унікальныя факты пра здраднікаў з батальёна «Дальвіц», паліцыяў і іншых памагатых нацыстаў, якія не давалі вярнуць мірнае жыццё ў БССР».