БЕЛ Ł РУС

У Непале адмянілі забарону на сацсеткі пасля масавых пратэстаў зумераў, у ходзе якіх загінулі 19 чалавек

9.09.2025 / 10:26

Nashaniva.com

Улады краіны адклікалі блакіроўку больш за 20 сацыяльных сетак і месенджараў праз суткі пасля таго, як па краіне пракаціліся масавыя пратэсты, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка кабінета міністраў краіны.

Фота: Ambir Tolang / NurPhoto via Getty Images

У ходзе дэманстрацый загінулі 19 чалавек, больш за 100 удзельнікаў шэсцяў атрымалі раненні.

Людзі патрабавалі ад уладаў адмены блакіроўкі сацсетак і ўзмацнення барацьбы з карупцыяй. Пераважную большасць удзельнікаў пратэстаў складалі людзі пакалення Z (да яго адносяць тых, хто нарадзіўся з 1995 па 2012 год).

Рашэнне аб блакіроўцы сацсетак і месенджараў улады Непала прынялі ў пачатку верасня. Пад забарону трапілі, у тым ліку, Facebook, Instagram, WhatsApp, YouTube.

Раней урад заяўляў, што сацыяльныя платформы трэба рэгуляваць, каб змагацца з фэйкавымі навінамі, мовай варожасці і інтэрнэт-махлярствам.

Але такія папулярныя платформы, як Instagram, маюць мільёны карыстальнікаў у Непале. Гэта крыніцы навін, а таксама важныя для бізнэсу.

Тысячы маладых людзей у панядзелак уварваліся ў парламент у сталіцы Катманду, дэманстранты неслі плакаты з лозунгамі, у тым ліку «хопіць» і «канец карупцыі», паведамляе Бі-бі-сі.

Некаторыя казалі, што яны пратэставалі супраць таго, што называлі аўтарытарнымі паводзінамі ўрада. Як мінімум 19 чалавек былі забітыя і дзясяткі параненыя падчас сутыкненняў паміж пратэстоўцамі і сіламі бяспекі, якія выкарыстоўвалі вадамёты, дубінкі і стралялі гумовымі кулямі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула