Сілавікі затрымалі пару, якая заснавала адзін з найбуйнейшых таксапаркаў краіны
Па падазрэнні ва ўхіленні ад уплаты падаткаў затрыманыя муж і жонка — заснавальнікі аднаго з найбуйнейшых таксапаркаў краіны, а таксама чацвёра менеджараў кампаніі, паведаміла прэс-служба МУС.
Ілюстрацыйнае фота
Па версіі міліцыі, камерцыйная структура, у якой працавалі больш за тысячу кіроўцаў, «адлюстроўвала ў бухгалтарскім уліку значна заніжаныя сумы заробку работнікаў, фактычна выплачваючы ім заробак «у канвертах» альбо налічваючы грошы пад выглядам кампенсацыі фіктыўных выдаткаў на паліва або абслугоўванне аўтамабіля».
«Да справаздач прымацоўваліся фіктыўныя чэкі, вадзіцелі працавалі без таксіметраў і касавых апаратаў, квітанцыі кліентам не выдаваліся. У выніку фірма недаплаціла ў бюджэт дзяржавы каля пяці мільёнаў рублёў. Атрыманы і абналiчаны звышпрыбытак трацілася на набыццё элітнай нерухомасці, транспартных сродкаў бізнэс-класа, прадметаў раскошы», — сцвярджаюць у МУС.
Каб пазбегнуць магчымай падатковай праверкі, таксапарк намінальна змяніў юрыдычны адрас. Падобную супрацьпраўную дзейнасць фігуранты «вялі і пры кіраўніцтве трыма раней ліквідаванымі так званымі чорнымі таксапаркамі, перааформленымі на падстаўных асоб — замежнікаў».
«Падчас агляду ў сямейнай пары канфіскаваныя дарагія аксэсуары, тры замежныя аўтамабілі, вялікая сума наяўных. Таксама сярод рэчаў знойдзена інструкцыя, як паводзіць сябе падчас допыту ў праваахоўных органах», — адзначылі ў МУС.
Следчымі заведзена крымінальная справа.