БЕЛ Ł РУС

«Міндальнічаць, як у 1944-м, з імі ніхто больш не будзе». Мядзведзеў апублікаваў артыкул з пагрозамі Фінляндыі

8.09.2025 / 22:0

Nashaniva.com

Былы прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, які цяпер займае пасаду намесніка кіраўніка Рады бяспекі РФ, апублікаваў на сайце ТАСС артыкул пад назвай «Новая фінская дактрына: глупства, хлусня, няўдзячнасць». У ім ён выступіў з адкрытымі пагрозамі на адрас Фінляндыі.

Дзмітрый Мядзведзеў. Фота: Contributor / Getty Images

Мядзведзеў згадаў падзеі Другой сусветнай вайны, абвінаваціўшы Фінляндыю ў супрацоўніцтве з нацысцкай Германіяй супраць СССР. Ён сцвярджае, што сучасныя фінскія ўлады нібыта маюць «рэваншысцкія планы». Уступленне краіны ў НАТА, нарошчванне яе арміі і падтрымку Украіны Мядзведзеў прадстаўляе як парушэнне пасляваенных дамоў і нават намякае на магчымасць дамагацца ад Фінляндыі дадатковых рэпарацый.

Паводле яго, Хельсінкі праводзіць «канфрантацыйны курс» і рыхтуе «плацдарм для вайны супраць Расіі». У артыкуле прагучала адкрытая пагроза: 

«Супрацьстаянне з намі можа прывесці да краху фінскай дзяржаўнасці ўжо назаўжды. Міндальнічаць, як у 1944 годзе, з імі ўжо ніхто не будзе».

Што стала непасрэднай прычынай такой публікацыі, дакладна невядома. Вядома, што Фінляндыя актыўна падтрымлівае Украіну, а яе прэзідэнт Аляксандр Стуб браў удзел у перамовах ЕС і ЗША наконт дапамогі Украіне і мірнага ўрэгулявання. Ён таксама праводзіў паралелі паміж сітуацыяй Украіны і вопытам Фінляндыі падчас вайны з СССР, падкрэсліваючы, што, страціўшы частку тэрыторый, краіна здолела захаваць незалежнасць.

У 1939 годзе, перад пачаткам савецка-фінскай вайны, Масква таксама абвінавачвала Фінляндыю ў агрэсіўных намерах і высмейвала яе кіраўніцтва ў прапагандзе. Сёння многія палітыкі ў Фінляндыі і іншых краінах НАТА, што мяжуюць з Расіяй, адкрыта гавораць пра небяспеку магчымай агрэсіі з боку Масквы.

Чытайце таксама:

«Вы б аддалі Фларыду, Джорджыю, Вірджынію?» Прэзідэнт Фінляндыі патлумачыў амерыканцам, колькі тэрыторыі Пуцін патрабуе ад Украіны

Прэзідэнт Фінляндыі: Расійскаму імперыялізму не відаць канца. Трэба быць гатовымі да ўсяго і не панікаваць

Мядзведзеў прыгразіў Лондану забраннем каштоўнасцяў Брытанскай кароны

У адказ на балбатню Мядзведзева Трамп загадаў перамясціць ядзерныя падводныя лодкі

Мядзведзеў марыць ператварыць у буферную зону ўсю Украіну

Каментары да артыкула