Былы міністр замежных спраў Украіны выехаў за мяжу і востра раскрытыкаваў Зяленскага
Былы міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба расказаў італьянскаму выданню Corriere della Sera, што з-за выдання прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім указа аб забароне на выезд з краіны былым дыпламатам вымушаны быў тэрмінова пакінуць краіну і цяпер знаходзіцца ў Польшчы, у Кракаве.
Дзмітрый Кулеба. Фота: ТСН
Афіцыйнай прычынай паездкі Кулебы за мяжу быў удзел у канферэнцыі ў Паўднёвай Карэі, але на самай справе ён выехаў за некалькі гадзін да ўступлення ў сілу ўказа прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, які забараняе выезд з Украіны для былых дыпламатаў.
Кулеба адзначае, што гэты ўказ не звязаны з ваенным становішчам, якое забараняе мужчынам ва ўзросце да 60 гадоў выезд з краіны, бо былыя дыпламаты не абавязаныя служыць у войску.
Ён упэўнены, што забарона накіраваная асабіста супраць яго і яшчэ некалькіх асоб, каб яны не маглі выступаць за мяжой супраць палітыкі ўрада.
Немагчымасць выязджаць для Кулебы — сур’ёзная праблема, бо ён выкладае палітычныя навукі ў Парыжы і ЗША і часта ўдзельнічае ў міжнародных канферэнцыях. Ён падкрэслівае, што ягоныя даходы залежаць ад працы за мяжой і што ён, у цэлым, абараняе ўрад Украіны. Аднак у некаторых колах ва ўкраінскай уладзе яшчэ, маўляў, існуе савецкае мысленне: калі чалавек едзе за мяжу, яго адразу лічаць агентам, які складае змовы супраць дзяржавы.
Кулеба таксама згадвае, што ў мінулым годзе ўкраінскія ўлады пераследавалі былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, стваральнікаў журналісцкіх расследаванняў і спрабавалі закрыць камісіі па расследаванні карупцыі. Ён лічыць, што асабіста стаў аб’ектам ціску за тое, што адкрыта крытыкаваў спробы ўрада цэнзураваць гэтыя камісіі.
Кулеба падкрэслівае:
«Грамадзяне свядома вырашылі абмежаваць крытыку дзеля адзінства ў імя ваенных патрэб. Але цяпер Зяленскі не мае права карыстацца гэтым, каб заглушыць любы голас, які адрозніваецца ад ягонага».
У прэс-службе Кулебы пазней заявілі выданню Hromadske, што словы экс-міністра былі «пададзеныя некарэктна». Той, як сцвярджаецца, выехаў у Польшчу, каб адправіцца на канферэнцыю ў Паўднёвую Карэю, і вернецца ва Украіну 20 верасня, кажуць яго прадстаўнікі.
Дзмітрый Кулеба быў міністрам замежных спраў Украіны з 4 сакавіка 2020 года да 5 верасня 2024-га. Да гэтага ён з 29 жніўня 2019 года ён быў віцэ-прэм'ерам і міністрам Украіны па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі.
Чытайце таксама:
Украінскі дыпламат Кулеба назваў Гомель і Магілёў «гістарычна нашымі землямі». Што?
Стала вядома, чым зараз займаецца былы міністр замежных спраў Украіны Кулеба
«Узялі бутэльку віна і цыгару». Як пайшоў у адстаўку экс-міністр замежных спраў Украіны