Вельмі непапулярнае меркаванне, але чым мы тут ганарымся з бітвай пад Оршай?
абмяркоўвайце!
Я не разумею, чаму хтосьці вырашыў папулярызаваць бітву пад Оршай як Дзень беларускай вайсковай славы, піша ў фэйсбуку Антось Жукаў. У ягоных думках ёсць што абмяркоўваць.
Фрагмент карціны «Бітва пад Оршай». Невядомы мастак з кола Лукаса Кранаха Старэйшага. 1540-я гады. З калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве
Разумею матывы, бо гістарычны міф вакол гэтай падзеі добра спалучаецца з беларускім нацыянальным міфам (нацыянальны міф мае кожны народ, слова ўжыта ў гістарыяграфічным сэнсе). Але па факце мы маем:
1. Падзея адбылася больш чым 500 гадоў таму. На той момант не існавала ні беларускай нацыі, ні расейскай нацыі. Сучасныя нацыі маюць да гэтых падзеяў вельмі ўскоснае дачыненне.
2. Гэта была феадальная вайна. Ваявалі два манархі і падначаленая ім эліта, а не нацыі ў сучасным сэнсе.
То бок гэта не была вайна маскоўцаў супраць літвінаў, навошта тут прыплятаць пытанні ідэнтычнасці? Фактычна, да XIX стагоддзя этнічнае паходжанне не адыгрывала значнай ролі ў жыцці людзей, гэта адбылося толькі разам з нараджэннем нацыяналізму як з’явы.
Прыгоннаму селяніну, які складаў абсалютную большасць насельніцтва, было ні цёпла ні халодна ад таго, якому манарху падначальваўся яго ўладар-шляхціц. Гэта лёгка пацвярджаецца тым, наколькі проста пазней падзялілі Рэч Паспалітую: працэс амаль не суправаджаўся сялянскімі бунтамі, а тым больш узброеным супрацівам.
3. Перамога пад Оршай значна перабольшана (як і многія іншыя перамогі старых часоў). Няма археалагічных доказаў таго, што пад Оршай было разбіта настолькі вялізнае войска Масквы, як пра тое гаворыцца ў пісьмовых крыніцах.
Больш за тое, ускосна гэта пацвярджаецца тым, што калі б маскоўскае войска сапраўды панесла такія страты, то гэта мела б значны ўплыў на ход вайны, але ВКЛ тую вайну прайграла.
Калі глядзець на гэтую падзею з халоднай галавой, лёгка заўважыць, што гэта абсалютна звычайны для шматлікіх культураў наратыў: маленькае войска герояў разбівае бязмежныя орды варвараў з усходу (300 спартанцаў і г.д.). Гэты архетыпічны наратыў выкарыстоўваецца нават у казках і літаратуры — узгадайце Уладара Пярсцёнкаў з яго ўсходнім Мордарам. І гэта нармальна будаваць нацыянальныя міфы, іх мае кожны народ, але мне сумна глядзець, калі нават сур’ёзныя гісторыкі не адрозніваюць гістарычных фактаў ад міфаў, пабудаваных вакол фактаў.
4. У нас ёсць падзеі, значна больш звязаныя з Беларуссю, і яны выклікаюць у мяне нашмат больш гонару. Напрыклад, Слуцкі збройны чын — абсалютна фантастычны момант, калі звычайныя людзі асэнсавалі сябе беларусамі і са зброяй у руках паспрабавалі ўзяць свой лёс у свае рукі.
І гэта нават нягледзячы на тое, што ў іх не было шанцаў і супраць іх выступала вялізная камуністычная махіна.
Згодныя?