БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская пра смерць у калоніі Андрэя Паднябеннага: Няма прабачэння тым, хто датычны да гэтага злачынства

8.09.2025 / 14:56

Nashaniva.com

Святлана Ціханоўская пракаментавала смерць у магілёўскай калоніі палітзняволенага Андрэя Паднябеннага.

«За кратамі памёр палітзняволены Андрэй Паднябенны. Дзявятая смерць палітвязня за кратамі, пра якую нам вядома. Цяжка падабраць словы, каб перадаць увесь боль, злосць і смутак. 

Андрэй быў любячым сынам і клапатлівым бацькам, працавітым чалавекам, але рэжым назваў яго «небяспечным тэрарыстам». 

Яго асудзілі на 16 гадоў і 8 месяцаў зняволення. Увесь час зняволення Андрэю даводзілася праходзіць праз цяжкія ўмовы і катаванні, псіхалагічны і фізічны ціск. Але нават у такіх умовах ён казаў, што гатовы адсядзець яшчэ, калі гэта дапаможа яго дзецям жыць у вольнай краіне. І за жаданне лепшай будучыні для сваёй сям’і яго спачатку пазбавілі свабоды, а ў няволі забралі самае каштоўнае — жыццё. 

Няма нічога страшнейшага, чым страціць роднага чалавека. Няма прабачэння тым, хто датычны да гэтага злачынства. Мае шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Андрэя», — напісала Святлана Ціханоўская.

Пра смерць палітвязня стала вядома сёння. «Мае дарагія! 3 верасня не стала майго любімага сыночка!!! Мая крывіначка, мая бусінька адбываў непамернае пакаранне ў Магілёве, ПК-15. Якаясьці сволач пазбавіла яго свабоды, а затым і жыцця… Адыходзяць найлепшыя. Мае залатыя ўнучачкі засталіся без бацькі… Суцяшае толькі адно: больш ніхто не зможа ні фізічна, ні псіхалагічна здзекавацца з майго сына… » — напісала маці ў фэйсбуку.

На выбарах 2020 года Андрэй Паднябенны быў назіральнікам. Яго абурылі фальсіфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной з такіх ён быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.

Затрымалі Андрэя 5 лістапада 2021 года і змясцілі пад варту. 

Хлопца судзілі ў закрытым рэжыме. Яго абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі, сярод якіх ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму). Андрэя абвінавачвалі ў падпале машыны начальніка ўпраўлення дэпартаменту выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Telegram-канала і чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі.

Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

КДБ унёс Андрэя ў «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Але праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Потым Андрэю дадалі да асноўнага тэрміну яшчэ год і восем месяцаў зняволення. Яго дадаткова асудзілі па чатырох крымінальных артыкулах, у тым ліку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».

Палітвязень знаходзіўся ў калоніі №15 у Магілёве.

Гэта ўжо дзявятая смерць у калоніі ці турме: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер, Андрэй Паднябенны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула