БЕЛ Ł РУС

У Германіі 75-гадовы мужчына захрас у ліфце ва ўласным доме і правёў там чатыры дні без ежы і вады

8.09.2025 / 13:32

Nashaniva.com

Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў ліпені ў Оснабруку (Ніжняя Саксонія), але паліцыя паведаміла пра яго толькі цяпер.

Ілюстрацыйнае фота: Ian Forsyth / Getty Images

З-за няспраўнасці электрасістэмы перастаў працаваць не толькі сам ліфт, але і аварыйная кнопка выкліку. У мужчыны не было тэлефона, таму ён не мог звязацца з блізкімі. У роспачы ён спрабаваў вырваць панэлі кабіны, аднак выбрацца самастойна не змог, піша Bild.

Выратаваць яго ўдалося толькі пасля таго, як сын, занепакоены тым, што бацька доўгі час не выходзіць на сувязь, выклікаў паліцыю. Паліцыянты, што прыбылі на месца здарэння, пачулі з шахты слабы голас. Пацярпелы быў моцна абязводнены — яго даставілі ў бальніцу.

У канцы жніўня, ужо акрыяўшы, мужчына запрасіў сваіх выратавальнікаў на каву і расказаў ім, што «ніколі не сябраваў з паліцыяй, але ў той момант быў вельмі рады пачуць голас паліцэйскага».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула