БЕЛ Ł РУС

Расійскага палітыка Ілью Яшына пазбавілі грамадзянства

8.09.2025 / 12:55

Nashaniva.com

Міністэрства ўнутраных спраў РФ уключыла Ілью Яшына ў пералік асоб, якім забаронены ўезд у краіну. Каб забарона працавала, яго пазбавілі грамадзянства. 

Фота: AP Photo / Markus Schreiber

Пра забарону стала вядома з выпіскі з базы МУС РФ, якую Яшын апублікаваў у тэлеграм-канале. У дакуменце пазначана, што пастанова прынятая «ў мэтах забеспячэння абараназдольнасці або бяспекі дзяржавы». Згодна з расійскім заканадаўствам, такая забарона можа быць накладзена толькі на замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, паколькі грамадзяніну Расіі не можа быць абмежавана права на вяртанне ў краіну.

У даведцы, апублікаванай Яшыным, насупраць графы «Грамадзянства» пазначана «ЛБГ» — асоба без грамадзянства.

Як кажа Яшын, даведка азначае пазбаўленне яго расійскага грамадзянства, атрыманага пры нараджэнні. Ён спаслаўся на артыкул 6 Канстытуцыі Расіі, у якім замацавана, што грамадзянін Расійскай Федэрацыі не можа быць пазбаўлены свайго грамадзянства.

Палітык заявіў, што высветліць, хто і якім чынам прыняў такое рашэнне, і як яно суадносіцца з канстытуцыйнымі нормамі.

У снежні 2022 года расійскі суд за нібыта дыскрэдытацыю расійскай арміі прыгаварыў Яшына да 8 гадоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. 1 жніўня 2024 года палітык быў адпушчаны на волю ў рамках абмену зняволенымі паміж Расіяй і Захадам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула