Чалы назваў, што атрымаў Лукашэнка ад амерыканцаў узамен за вызваленне Ціханоўскага і іншых палітвязняў
На першы погляд здаецца, што Лукашэнка не атрымаў нічога ад вызвалення палітвязняў, але аналітык Сяргей Чалы лічыць інакш.
Сяргей Чалы. Фота: БРЦ
Аналітык Сяргей Чалы падзяліўся сваёй версіяй таго, як санкцый ЗША пазбег ці не галоўны міжнародны кашалёк кіраўніка Беларусі, пераказвае «Салідарнасць».
На канале БРЦ Чалы звярнуў увагу: выступаючы нядаўна перад прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вызваленне 16 палітвязняў на чале з Сяргеем Ціханоўскім было зроблена па прапанове ЗША — гэта быў варыянт амерыканскай здзелкі «ты мне гэта, я табе тое».
— І самае цікавае — што Лукашэнка атрымаў узамен ад амерыканцаў. На першы, няўважлівы погляд, Беларусь не атрымала нічога. Лукашэнка спецыяльна ўдакладняе: «Я нават не казаў пра санкцыі, клянуся вам. Рыбакову я забараніў прасіць».
І далей здзіўленай публіцы ў асобе сваіх журналістаў ён тлумачыць, чаму. Бо для такіх просьбаў няма асаблівых падстаў. Хоць санкцыі і маюць негатыўны ўплыў на жыццё нашай краіны, але Беларусь ужо прыстасавалася…
Але на другі, дасведчаны погляд, высветлілася, дзякуючы расследаванню Беларускага расследавальніцкага цэнтра, што
ў дзень сустрэчы з Кітам Келагам на Кіпры была ліквідавана кампанія Dana Holdings, а праз два месяцы яна і яе былы ўладальнік Небойша Карыч былі выключаны са спісу санкцый ЗША.
Дзякуючы такому няхітраму юрыдычнаму труку санкцый пазбег ледзь не галоўны міжнародны кашалёк Лукашэнкі.
Кашалёк у другім пакаленні. Ён — сын Багалюба Карыча, які выконваў гэтую функцыю яшчэ для Мілошавіча.