Улады распавялі, калі адкрыюць Чырвоны касцёл
Аб тэрмінах завяршэння рамонту будынка касцёла святога Сымона і святой Алены расказаў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў, паведамляе «Мінск-Навіны».
Рубанаў сказаў, што работы па рэканструкцыі, рэстаўрацыі касцёла ўжо пачаліся.
— Працы сур'ёзныя. Было парушанае аздабленне, але самае асноўнае — інжынерныя сеткі, якія ўплываюць не толькі на электразабеспячэнне, але таксама на ацяпленне. Ёсць нарматыўны тэрмін работ — 20 месяцаў, яны вядуцца. У 2027 годзе гэты касцёл будзе ўжо функцыянаваць, — паведаміў ён.
Чырвоны касцёл зачынены з 2022-га. Яго фактычна забралі ў вернікаў пасля ўзгарання, якое адбылося пры цьмяных абставінах. У ноч на 26 верасня 2022 года ў будынку, па афіцыйнай версіі, адбыўся пажар праз няспраўнасць электраправодкі.
У папярэдні раз касцёл святога Сымона і святой Алены перажываў маштабную рэканструкцыю ў 2017-2019 гадах.