Вячорка: Калі сапраўды будуць вызваленыя 1300—1400 чалавек, гэта будзе вялікая перамога для Белага дома, Трампа і свабоднай Беларусі
Тое, што Дональд Трамп «падымае стаўкі, кажа пра палітвязняў, патрабуе іх вызвалення», ёсць вялікім дасягненнем «усіх нас з вамі», заявіў «Позірку» галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, каментуючы апошнія выказванні прэзідэнта ЗША.
Сяргей Ціханоўскі і Франак Вячорка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Вядома, калі сапраўды будуць вызваленыя 1300—1400 чалавек, гэта будзе яго вялікая дыпламатычная перамога. І для Белага дома, і для Трампа, і для свабоднай Беларусі. Таму ў нашых інтарэсах, каб гэтая цікавасць да Беларусі і тэма палітвязняў былі на плаву», — сказаў суразмоўца.
Паводле яго слоў, беларускія дэмакратычныя сілы «практычна кожны тыдзень, кожны дзень» знаходзяцца на сувязі з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі — дзеляцца сваім бачаннем сітуацыі, перадаюць спісы людзей, асуджаных паводле палітычных артыкулаў («і паводле Dissidentby, і паводле «Вясны»).
Цяпер, паводле слоў Вячоркі, стаіць пытанне, «як давесці справу да канца, як змусіць Лукашэнку вызваляць» палітвязняў, «ці хопіць гэтай цікавасці і палітычнай волі ў Вашынгтона». «Нам трэба яе (палітычную волю) максімальна падтрымліваць, карыстацца гэтым акном магчымасцяў, якое адчынілася. І, вядома, мы настойваем на тым, каб людзі, калі іх выпускаюць, мелі магчымасць выбраць — з’ехаць ці застацца», — дадаў ён.
5 верасня Трамп чарговы раз згадаў пра Беларусь, нядаўняе вызваленне групы палітвязняў. «Але ў яго (Лукашэнкі) 1400 ці 1500 [закладнікаў], ці нейкая вялікая колькасць, і мы размаўляем пра тое, каб іх вызваліць. Некаторыя, я мяркую, палітычныя. Многія з іх палітычныя. Падобна, што іх збіраюцца вызваліць у нейкі момант у даволі блізкай будучыні», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.