БЕЛ Ł РУС

У Расіі затрымалі французскага веласіпедыста. Ён хацеў пабіць сусветны рэкорд, праехаўшы ад Лісабона да Уладзівастока

6.09.2025 / 13:16

Nashaniva.com

Ва Уладзівастоку затрымалі французскага спартоўца Сафіяна Сехілі, які спрабаваў усталяваць сусветны рэкорд па перасячэнні Еўразіі на ровары, піша «Новая газета. Еўропа» са спасылкай на Le Monde.

Фота з інстаграма Сафіяна Сехілі ў інстаграме

У ліпені Сехілі пачаў маршрут у Лісабоне. Ён праехаў Таджыкістан, Манголію, Кітай і планаваў завяршыць шлях у расійскім Уладзівастоку. Аднак 2 верасня ён распавёў у «сторыс», што яго спынілі мытнікі на расійска-кітайскай мяжы.

«Правал, які адбыўся так блізка да мэты, — гэта сумна. Цяпер у мяне ёсць дзесяць месяцаў, каб вырашыць, ці хачу я зноў пабіць гэты рэкорд… ці ён назаўсёды застанецца няўдачай», — напісаў ён.

Паводле Le Monde, 44-гадовы француз Сафіян Сехілі затрыманы па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні мяжы. Выданне L’Equipe піша, што веласіпедыст двойчы спрабаваў уехаць на тэрыторыю Расіі праз дзве мяжы, размешчаныя на адлегласці 200 кіламетраў адна ад адной. Рэгіянальныя МУС і аддзяленні Следчага камітэта пакуль не паведамлялі пра затрыманне. Французскае консульства аказвае мужчыну падтрымку.

На сваёй старонцы ў інстаграме Сехілі распавядаў падрабязнасці свайго падарожжа. Апошняе відэа ён выклаў 1 верасня — на той момант веласіпедыст знаходзіўся ў 400 км ад Уладзівастока і разлічваў апынуцца там ужо на наступны дзень. Усяго Сехілі праехаў больш за 17 600 км.

Сафіян Сехілі ў 2011 годзе пакінуў кар’еру дакументаліста і захапіўся веласпортам. Ён удзельнічаў прыблізна ў дваццаці буйных гонках і стаў пераможцам адзінаццаці з іх, пачынаючы з Tour Divide — гонкі працягласцю 4500 кіламетраў ад Канады да мяжы з Мексікай.

Сехілі спрабаваў пабіць рэкорд перасячэння Еўразіі. У 2017 годзе яго ўстанавіў немец Ёнас Дэйхман, які праехаў 14 331 км за 64 дні. «Гэта было самае складанае, што я калі-небудзь рабіў», — успамінае ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула