ЗША падрыхтавалі авіяцыю для ўдару па наркакартэлях у Венесуэле
ЗША разгарнулі дзесяць сучасных знішчальнікаў F-35 на авіябазе ў Пуэрта-Рыка. Імі плануюць удары па наркакартэлях, якія дзейнічаюць у паўднёвай частцы Карыбскага рэгіёна, піша The Moscow News.
Фота: Bernardo Fernandez copado (CC BY 2.0)
Самалёты павінны прыбыць да канца наступнага тыдня. Гэта частка больш шырокай антынаркатычнай кампаніі адміністрацыі Дональда Трампа, у межах якой у рэгіён ужо накіравалі сем вайсковых караблёў, атамную падлодку і больш за 4,5 тысячы вайскоўцаў.
Вашынгтон сцвярджае, што дзеянні скіраваныя супраць «наркатэрарыстычных арганізацый», але Венесуэла ўспрымае гэта як пагрозу ўварвання. Каракас разгарнуў дроны і вайсковыя судны для патрулявання, а таксама абвінаваціў ЗША ў «крымінальнай і крывавай пагрозе». Напружанасць узрасла пасля таго, як венесуэльскія самалёты F-16 праляцелі над амерыканскім эсмінцам, а Пентагон назваў гэта «правакацыяй».
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў, што ЗША спрабуюць дамагчыся змены ўлады праз ваенную пагрозу. Тым часам амерыканскі бок абвінавачвае яго ў кіраўніцтве «наркадзяржавай» і прапануе 50 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая прывядзе да яго арышту.
Напружанне яшчэ больш узмацнілася пасля нядаўняй атакі ЗША на лодку, якая, паводле слоў Трампа, перавозіла вялікую партыю наркотыкаў з Венесуэлы. У выніку загінулі 11 чалавек, якіх Вашынгтон лічыць членамі наркагрупоўкі Tren de Aragua. Аднак не толькі ў Венесуэле, але і ў суседняй Калумбіі гэтую атаку назвалі незаконным «забойствам».
Чытайце таксама:
Кіраўнік Пентагона заявіў пра гатоўнасць да аперацыі па зрынанні Нікаласа Мадура
ЗША сабралі цэлую флатылію каля берагоў Венесуэлы
Мадура абвясціў надзвычайнае эканамічнае становішча ў Венесуэле ў адказ на мыты ЗША