У крамы вярнулася чарговая санкцыёнка — італьянскія і польскія сыры
Праз тры з паловай гады пасля контрсанкцый у беларускія крамы пачалі вяртацца італьянскія сыры. Пакуль абмежаваным асартыментам — грана падана і гарганзолы, піша Onliner.by.
Абмежаванні на імпарт ежы з недружалюбных краін увялі з 1 студзеня 2022 года. Тады ж прадугледзелі механізм квот, дзякуючы якому можна было б завезці санкцыёнку «для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку». Абмежаванні некалькі разоў карэктавалі, у выніку на паліцы вярнуліся еўрапейскія садавіна, гародніна, арэхі, многія прысмакі.
Падобна на тое, цяпер прыйшла чарга італьянскага сыру. У сетцы «Карона» ўпакоўкі па 150 грамаў грана падана каштуюць 25,74 і 27,95 рубля.
Чытачы паведамляюць, што ў іншых крамах заўважылі італьянскую гарганзолу.
У мясным аддзеле вялікіх зменаў няма — на месца іспанскага хамона прыйшлі прадукты беларускіх і расійскіх мясакамбінатаў. З еўрапейскага мяса прысутнічае толькі прашута з Сан-Марына, бо на гэтую краіну контрсанкцыі не распаўсюджваюцца.
Пазней чытачы паведамілі, што на паліцы вярнуліся сыры камамбер і бры вытворчасці польскай кампаніі Mlekovita. Адна ўпакоўка каштуе ў раёне 13 рублёў.