БЕЛ Ł РУС

Доказаў расійскага ўмяшання ў пасадку самалёта з Урсулай фон дэр Ляен на борце не знайшлі

4.09.2025 / 17:47

Nashaniva.com

Калі самалёт старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен у гэту нядзелю заходзіў на пасадку ў балгарскім Плоўдзіве, пілоты, паводле звестак СМІ, зафіксавалі праблемы з навігацыйнымі сістэмамі. Як напісалі ў Financial Times, яны былі вымушаныя карыстацца папяровымі картамі. Меркавалася, што гэта вынік уздзеяння расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, але цяпер балгарскія ўлады заявілі, што гэта не так, піша Bild.

Урсула фон дэр Ляен. Фота: Geert Vanden Wijngae / AP

«Мы атрымалі ад балгарскіх уладаў інфармацыю, што яны падазраюць, што гэтую відавочную перашкоду выклікала Расія», — заявіла адразу пасля інцыдэнту Еўракамісія. Аднак цяпер высветлілася, што доказаў расійскай атакі ўсё ж няма.

Прэм'ер-міністр Балгарыі Расен Жалязкаў 4 верасня заявіў, што самалёт старшыні Еўракамісіі не перажыў сур'ёзнага збою, а толькі адчуў кароткачасовае пагаршэнне сігналу. Такія перабоі, па яго словах, часта сустракаюцца ў густанаселеных раёнах.

«Пасля праверкі бартавых запісаў мы ўбачылі, што пілот не выказваў ніякая боязі. Самалёт каля пяці хвілін знаходзіўся ў зоне чакання, і якасць сігналу ўвесь гэты час заставалася добрай», — паведаміў Жалязкаў.

Міністр транспарту Балгарыі Гроздан Караджаў пацвердзіў:

«Паводле эмпірычных звестак, радыёперахопаў, запісаў нашых цывільных і вайсковых устаноў, няма ніводнага факту, які пацвярджае сцвярджэнне, што GPS-сігнал самалёта быў заглушаны», — сказаў ён тэлеканалу bTV.

Прадстаўніца Еўракамісіі Арыяна Падэста ўсклала адказнасць за дэзынфармацыю на балгарскія ўлады:

«Мы ніколі самі не казалі пра мэтанакіраваную атаку і ясна падкрэслілі, што ў нас не было такой інфармацыі. Мы выдатна разумеем, што з пачатку вайны ва Украіне такія інцыдэнты адбываюцца пастаянна».

Чытайце таксама:

Урсула фон дэр Ляен на беларускай мяжы: Калі выпрабоўваюць Літву, выпрабоўваюць усю Еўропу, мы дапаможам

З-за расійскага ўмяшання самалёт фон дэр Ляен сядаў у Балгарыі з выкарыстаннем папяровых карт

Урсула фон дэ Ляен і Гітанас Наўседа абляцелі мяжу Літвы і Беларусі

Беларускія памежнікі слухалі прэс-канферэнцыю Урсулы фон дэр Ляен і Дональда Туска

«Досыць саступак». Туск і Урсула фон дэр Ляен наведалі польска-беларускую мяжу

Каментары да артыкула