У Гродзенскім раёне парушальнік напаў на памежніка падчас затрымання
Вайскоўцы Гродзенскай памежнай групы ў ноч на 3 верасня затрымалі трох жыхароў абласнога цэнтра, паведамляе Памежны камітэт.
Скрыншот відэа Памежны камітэт
Мужчын знайшлі ў Гродзенскім раёне. Там знаходзілася машына з аэрастатным шарам і 20 балонамі з газам.
Падчас затрымання адзін з мужчын аказаў супраціў вайскоўцу і ўдарыў яго.
У адносінах да затрыманых распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне пагранічнага рэжыму і грэбаванне законнымі патрабаваннямі службовай асобы пры выкананні абавязкаў. Ім пагражае штраф да 100 базавых велічынь (4200 рублёў) альбо грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.
У адносінах да мужчыны, які напаў на памежніка, праводзіцца праверка па ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яго санкцыя прадугледжвае 7 гадоў пазбаўлення волі.