БЕЛ Ł РУС

Польскі правы экстрэміст закахаўся ў транс-мадэль і выйшаў з партыі

4.09.2025 / 15:31

Nashaniva.com

Міхаліна Маніёс расла хлопчыкам, але ўсё жыццё адчувала сябе ў чужым целе і яшчэ ў дзіцячым садку марыла быць дзяўчынкай. У 18 гадоў пры падтрымцы бацькоў яна пачала пераход да жаночай ідэнтычнасці, распавядае BILD. 

«Для маіх бацькоў я заўсёды была дзяўчынкай», — расказвае мадэль. 

Маніёс займалася мадэльным бізнесам, затым вывучала шведскую філалогію, псіхалогію і сэксалогію.

Давід Шостак жа разам з палітычнай кааліцыяй правых палітыкаў «Канфедэрацыя» выступаў за абмежаванне правоў людзей, падобных да яе (кааліцыя лічыцца квірафобнай). Ён балатаваўся ў польскі сейм, але мандата не атрымаў.

«Людзі важнейшыя, чым ідэалагічныя ярлыкі», — кажа сёння Шостак.

У такіх розных людзей усё ж знайшлася агульная рыса. Абодва шукалі сапраўднае каханне — і сустрэліся на сайце знаёмстваў. Яму спадабаліся яе фота. Яны пачалі перапісвацца, сустрэліся і закахаліся.

«Нішто не перашкаджае нам у будучыні абвянчацца. Міхаліна — жанчына», — сказаў Шостак выданню «Fakt».

Маніёс расказвае: «Я доўга была адна, але была ўпэўненая, што сустрэну таго самага. І ў выніку мы знайшлі адно аднаго».

Каб пацвердзіць свае сур’ёзныя намеры, Шостак выйшаў з партыі «Нацыянальны рух».

У Instagram-акаўнце Міхаліны пара цяпер з’яўляецца разам: ён у джынсах сядзіць на камені ў лесе і ўсміхаецца. Ніякай вайсковай формы, ніякай варожасці — толькі закаханы мужчына.

«З аднаго боку, я хацеў даказаць, што «Канфедэрацыя» і «Нацыянальны рух» — гэта не радыкалы, а людзі, якія адкрыта ідуць да іншых. Кожны заслугоўвае індывідуальнага стаўлення. Але я не хацеў, каб маё асабістае жыццё ўплывала на нашу палітычную дзейнасць», — сказаў ён выданню Fakt пра свой выхад з палітыкі.

Наўрад ці, аднак, яго правыя таварышы па партыі раптам загавораць гэтак жа ліберальна. Але Шостака і Маніёс гэта не хвалюе. Яны збіраюцца засяродзіцца «на самым галоўным» — на каханні.

У сацсетках Шостак цяпер падпісваецца так: «Католік. Паляк. Нацыяналіст». І яшчэ адно: «Шчасліва закаханы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула