БЕЛ Ł РУС

Скрадзены надмагільны помнік знайшлі на іншых могілках праз 40 гадоў

4.09.2025 / 11:28

Nashaniva.com

Гісторыя, больш падобная на дэтэктыў, адбылася ў пасёлку Гарадок пад Маладзечнам. Энтузіясты заўважылі на праваслаўных могілках дзіўны помнік, які аказаўся яўрэйскай мацэвай, скрадзенай з суседніх могілак яшчэ 40 гадоў таму, піша Onliner.by.

Бізнэсовец і блогер Аляксандр Анюкоў распавёў, што яго сябар, краязнаўца Аляксей Жахавец, даўно займаецца аднаўленнем старых яўрэйскіх могілак у Гарадку.

Некалькі гадоў таму, падчас пошуку магіл сваіх сваякоў на праваслаўных пахаваннях, ён натрапіў на надмагілле з замазаным тынкам фасадам. У куце праглядаліся літары — гэта аказалася яўрэйская эпітафія.

— Мы адразу зразумелі, што перад намі мацэва (яўрэйскі надмагільны помнік), якую трэба вярнуць на месца, — узгадвае Аляксандр.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Родны край. Беларусь. (@rodnykray)

Амаль два гады пайшло на пошукі сваякоў чалавека, пахаванага на гэтым месцы. Нарэшце роспыты жыхароў далі вынік — знайшлася ўнучка мужчыны.

Яна распавяла: у 1980-я ён прывёз надмагільную пліту з яўрэйскіх могілак і трымаў яе ў гаражы. Пасля яго смерці сваякі замазалі надпіс і ўсталявалі пліту як помнік.

Забіраць мацэву проста так энтузіясты не сталі.

— Я напісаў пост у блогу і прапанаваў сабраць грошы на новы помнік. Усяго за два дні людзі пералічылі ўсю патрэбную суму.

Калі новае надмагілле было гатовае, старую пліту асцярожна знялі і даставілі на яўрэйскія могілкі. Праўда, гэта аказалася не так проста: надмагілле было даволі цяжкое, везці яго прыйшлося на электраўсёдарожніку.

Калі пліту ачысцілі, на ёй выступіла эпітафія. Прыкладны пераклад такі: «Тут пахаваная наша дарагая і сціплая маці, сумленная ў дзеяннях сваіх, спадарыня Хая, дачка р. Матыцьяху. Душа яе ўзнеслася на нябёсы. Няхай будзе душа яе завязаная ў вузле жыцця».

Дата пахавання — 1931 год. Дакладнае месцазнаходжанне магілы высветліць не ўдалося, таму яна стаіць у шэрагу з плітамі, на якіх высечаны падобныя часовыя адрэзкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула