Узбекістан патрабуе ад Расіі знайсці і пакараць мужчыну, які назваў узбекскага мігранта «рабом рускіх»
Жыхар Падмаскоўя назваў таксіста з Узбекістана «рабом рускіх». МЗС Узбекістана падкрэслівае, што грамадзяне іх краіны знаходзяцца пад абаронай сваёй дзяржавы, «дзе б яны ні былі».
Міністэрства замежных спраў Узбекістана накіравала ў МЗС Расіі афіцыйную ноту з мэтай устанавіць асобу мужчыны, які на відэа абражае таксіста з Узбекістана, і прыняць у дачыненні да яго меры ў адпаведнасці з законам. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Узбекістана Ахрор Бурханаў.
Па яго словах, МЗС Узбекістана «рэгулярна адсочвае інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках і СМІ», і ў выпадку выяўлення падобных інцыдэнтаў супрацоўнічае з кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў.
Ён таксама нагадаў, што незалежна ад таго, дзе знаходзяцца грамадзяне Узбекістана, яны знаходзяцца пад абаронай сваёй дзяржавы.
У сеціве 27 жніўня было апублікаванае відэа, знятае ў падмаскоўных Хімках.
На кадрах мужчына крычыць на таксіста: «Ты — раб, раб рускіх! Ва Узбекістане нічога сабе не знайшоў — прыехаў да нас. Ты не ў сябе дома, ты прыехаў працаваць — працуй!» — крычыць ён.
Таксіст, застаючыся спакойным, просіць мужчыну спыніць абразы, пасля садзіцца ў машыну і з’язджае.
Па словах сведкаў, канфлікт адбыўся з-за таго, што таксі на кароткі час перакрыла ўезд у двор, чакаючы праезду смеццявоза па вузкай дарозе.