БЕЛ Ł РУС

Памятаеце кандыдата ў прэзідэнты Уса? Яго сын пайшоў ваяваць за Расію

4.09.2025 / 12:11

Nashaniva.com

Былы кіраўнік руху «Антымайдан Мінск» Іван Ус у 2020-м удзельнічаў у пратэстах, а цяпер зноў прысягнуў Расіі і Пуціну.

Іван Ус. Архіўнае фота

Украінскі праект «Хачу жыць» апублікаваў спіс 596 грамадзян Беларусі, якія ў гэтым годзе падпісалі кантракт з расійскай арміяй і адправіліся на фронт ва Украіну.

Сярод гэтых імёнаў ёсць і адно пазнавальнае — 29-гадовы Іван Ус. Гэта сын Дзмітрыя Уса, выпадковага кандыдата ў прэзідэнты ў Беларусі ў 2010 годзе. 

Украінцы здабылі звесткі, што радавы Іван Ус падпісаў кантракт 17 студзеня 2025 года і атрымаў жэтон АБ-061178.

Іван Ус здабыў вядомасць у сярэдзіне 2010-х як адміністратар прарасійскай суполкі «Антымайдан Мінск» у сацыяльнай сетцы «УКантакце». Ён планаваў правесці ў сталіцы Беларусі з’езд «Антымайдана», але ўрэшце адмовіўся ад ідэі з прычын бяспекі. У інтэрнэце існуе відэа пра тое, як анархісты і фанаты футбольнага «Партызана» злавілі Уса і правялі выхаваўчую размову. Пасля гэтага актыўнасць хлопца знізілася.

На нейкі час ён прапаў з грамадскага жыцця, але ў 2020-м стаў удзельнікам пратэстаў. Івану далі 15 сутак за ўдзел у нядзельным маршы 16 жніўня.

Дзмітрый Ус. Архіўнае фота

Прадпрымальнік Дзмітрый Ус быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе. Тады Аляксандр Лукашэнка вырашыў запісаць у выбарчыя бюлетэні ўсіх ахвотных.

Увогуле Дзмітрый Ус перадусім дапамагаў збіраць подпісы Міколу Статкевічу, але заадно нібыта сабраў 110 тысяч галасоў у сваю падтрымку. Усу цяжка давалася выбарчая кампанія і агітацыя — ён змагаўся з наступствамі інсульту, таму ледзь размаўляў. 

Цэнтрвыбаркам заявіў, што на выбарах за Уса прагаласавалі 25 тысяч чалавек (не дацягнуў нават да 0,4%).

Тым не менш пад рэпрэсіі трапіў і ён. Уса арыштавалі, на нейкі час адпусцілі дадому, але ўрэшце ўсё адно прысудзілі пяць з паловай гадоў зняволення. Экс-кандыдата ўтрымлівалі ў шклоўскай калоніі. Праз пяць месяцаў Уса памілавалі.

Ён вярнуўся да друкарскага картаграфічнага бізнэсу. Сын Іван працаваў памочнікам у бацькі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула