Ізраіль чакае, што горад Газа пакіне мільён чалавек. ААН папярэджвае аб жудасных наступствах
Паводле ацэнак ААН, мільён чалавек — гэта фактычна ўсё насельніцтва горада Газа (сталіцы сектара) і яго наваколляў.
Фота: Khames Alrefi/Anadolu via Getty Images
У сераду высокапастаўлены прадстаўнік ізраільскай арміі заявіў, што падрыхтоўка да штурму горада Газа можа прывесці да перамяшчэння мільёна палесцінцаў, для якіх Ізраіль плануе стварыць новую «гуманітарную зону», паведамляе Бі-бі-сі.
Паводле ацэнак ААН, мільён чалавек — гэта фактычна ўсё насельніцтва горада Газа (сталіцы сектара) і яго наваколляў.
Ізраіль рыхтуецца ўзяць горад пад поўны кантроль, матывуючы гэта тым, што ў ім знаходзяцца галоўныя базы ХАМАС.
Высокапастаўлены прадстаўнік COGAT — органа Міністэрства абароны Ізраіля, які курыруе грамадзянскія пытанні на палесцінскіх тэрыторыях — заявіў у сераду, што ў апошнія дні назіраецца актыўнае перамяшчэнне палесцінцаў з поўначы сектара, дзе знаходзіцца горад Газа, на поўдзень.
Паводле яго дадзеных, на гэты момант паўночныя раёны ўжо пакінулі каля 70 тысяч чалавек. Ізраіль вітае іх рашэнне пайсці ў больш бяспечныя раёны.
Тым часам міжнародныя арганізацыі нагадваюць, што за два гады вайны ў Газе пераважная большасць жыхароў сектара — а гэта больш за 2 мільёны чалавек — былі перамешчаны хаця б адзін раз. Многія з тых, хто зноў вымушаны ўцякаць з Газы, толькі нядаўна вярнуліся ў родны горад. Аднак Ізраіль яшчэ ў канцы жніўня папярэдзіў, што наступ на горад Газа непазбежны, і абавязаўся спрыяць бяспечнай эвакуацыі насельніцтва.
Карта сектара Газа. Google maps
Ізраіль абяцае стварыць бяспечную гуманітарную зону для перасяленцаў, пра якую будзе афіцыйна абвешчана ў бліжэйшыя дні.
На дадзены момант вядома, што зона будзе распасцірацца ад лагераў бежанцаў, сканцэнтраваных у цэнтральнай частцы сектара, да паўднёвага раёна Аль-Мавасі і далей на ўсход.
Між тым міжнародныя назіральнікі нагадваюць, што ў першыя дні вайны Ізраіль ужо абвяшчаў прыморскі раён Аль-Мавасі гуманітарнай зонай, але з тых часоў неаднаразова наносіў па ім удары.
Міжнародны Чырвоны Крыж заявіў, што ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў бяспечнага спосабу перамяшчэння людзей не існуе.
У канцы жніўня ў горадзе Газа афіцыйна было пацверджана наяўнасць голаду.
Да такой высновы прыйшла арганізацыя IPC — глабальная ініцыятыва, якая аб’ядноўвае агенцтвы ААН, гуманітарныя арганізацыі і ўрады шэрагу краін, мэтай якіх з’яўляецца вызначэнне наяўнасці голаду ў тым ці іншым рэгіёне, усталяванне яго прыроды і прапанаванне спосабаў яго ліквідацыі.
Вадаправод і электрычнасць для бежанцаў
У сярэдзіне жніўня прадстаўнік Упраўлення ААН па правах чалавека Тамін аль-Хітан заявіў, што палесцінцы ў Аль-Мавасі «маюць абмежаваны доступ або ўвогуле не маюць доступу да асноўных паслуг і тавараў, уключаючы харчаванне, ваду, электрычнасць і палаткі».
COGAT на мінулым тыдні заявіў, што Ізраіль прымае комплекс мер па падрыхтоўцы да «перасялення насельніцтва на поўдзень сектара дзеля яго абароны», і гэты комплекс уключае будаўніцтва новага вадаправода з Егіпта ў Аль-Мавасі, рамонт ужо існуючых вадаправодаў, пракладзеных з Ізраіля, і падключэнне лініі электраперадачы да паўднёвага апрасняльнага завода.
COGAT таксама паведаміў пра пачатак работ па аднаўленні функцыянавання Еўрапейскай бальніцы ў Хан-Юнісе на поўдні сектара.
Бальніца была закрыта на некалькі тыдняў пасля правядзення ваеннай аперацыі, у выніку якой, як заяўляе Ізраіль, быў забіты часовы лідар ХАМАС у сектары Газа Махамед Сінвар — брат ідэолага нападу баевікоў на Ізраіль 7 кастрычніка Ях’і Сінвара.