БЕЛ Ł РУС

Падпяваць Туру ў «экстрэмісцкі» чат прыйшоў губазікавец Артур Гайко. Каму і чаму ён там сімпатызуе?

3.09.2025 / 14:48

Nashaniva.com

У тэлеграм-чат «Толькі рэфарматары і рэфарматаркі», апроч прапагандыста Ігара Тура, прыйшоў выказацца губазікавец і адміністратар буйнога z-канала «Белорусскій сіловік» Артур Гайко. 

Артур Гайко. Скрыншот АНТ

Чат «Толькі рэфарматары і рэфарматаркі» быў створаны колішнім прэс-сакратаром Каардынацыйнай рады Антонам Раднянковым. Гэта яго разам з Іванам Краўцовым і Марыяй Калеснікавай у верасні 2020 года вывозілі з Беларусі, калі Марыя парвала пашпарт і засталася ў краіне. Цяпер у чаце каля 660 удзельнікаў, аднак актыўныя толькі некалькі дзясяткаў. Чат прызнаны «экстрэмісцкім».

Як мы даведаліся, што гэта Артур Гайко? Ягоны акаўнт мае імя карыстальніка cennelex і id 7136099880. Ён прывязаны да асабістага тэлефоннага нумара Артура Гайко. Да яго ж прывязаная старонка «Укантакце», якая належыць Гайко — «Артур Мірны».

Да таго ж, Cennelex — адзін з нікаў, які выкарыстоўваў Гайко раней для рэгістрацыі ў сэрвісе mail.ru.

Тое, як гэты нумар падпісаны ў кантактных кнігах іншых людзей

Гайко прайшоўся па некалькіх тэмах. Адна з іх — медыя. Гайко кажа, што дзяржаўныя і незалежныя СМІ павінны адмовіцца ад агрэсіі ў бок адно аднаго.

«Усе палітызаваныя платформы губляюць сваю аўдыторыю і магчымасць на яе ўплываць. Рана ці позна гэта прывядзе да таго, што ўплываць будзе ўжо проста няма на каго. Ужо зараз ідзе адток нашай аўдыторыі да расійскіх медыя», — наракае ён.

Праўда, пры гэтым абараняе Рыгора Азаронка, які палівае брудам любога, хто крытыкуе ўладу.

«Дык Рыгор толькі ў вобразе «крыклівы», а па факце ён досыць спакойны і разважлівы. Гэта, калі заўважыць, было відаць у інтэрв'ю Сабчак».

Пра тое, ці дадуць калісьці журналістам у Беларусі рабіць сваё медыя, а не пець хваласпевы Лукашэнку, Гайко піша:

«Ну, «як раней» не будзе дакладна. Будзе новы фармат, але якім ён будзе — невядома цяпер нікому».

Таксама губазікавец падзяліўся, каму з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл сімпатызуе.

«Я, зноў жа, выкажу асабістае меркаванне: з боку пакуль чутны толькі голас ОСЦ (Офіса Ціханоўскай — НН) з іх старой песняй пра «ўжо хутка, трэба тэрмінова даціснуць».

Такім галасам, як ваш — а вас нямала: Таня [Хоміч], Іван [Краўцоў], Антон [Раднянкоў], [Андрэй] Дзмітрыеў, [Андрэй] Ягораў, быццам бы і [Валер] Кавалеўскі — вашаму, на мой погляд, аб'ектыўнаму пункту гледжання не хапае важкасці. Вас не чуваць.

Можа, праз адсутнасць канкрэтных прапаноў, можа, праз вета з боку ОСЦ (прывітанне «незалежным СМІ»), а можа, праз адсутнасць попыту ў людзей агулам. Многія ўжо даўно ад усяго гэтага стаміліся».

Артур Гайко другі справа, побач з Ігарам Турам, на праўладным форуме блогераў у верасні 2024 года. Фота: БелТА

30-гадовы супрацоўнік ГУБАЗіКа стаў вядомы тым, што ўкараніўся ў «Чорную кнігу Беларусі» (праект выкладаў імёны і адрасы сілавікоў, чыноўнікаў і прапагандыстаў, замяшаных у рэпрэсіях) і дзевяць месяцаў быў яе адміністратарам.

Чытайце таксама:

У якіх чатах сядзеў губазікавец Артур Гайко і што там пісаў? 

Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

ГУБАЗавец Гайко выступіў на лукашэнкаўскім форуме блогераў

Каментары да артыкула