Падобна, у Драздах нарэшце прадалі катэдж былога кіраўніка службы аховы Лукашэнкі
Катэдж, па параметрах падобны да дома былога кіраўніка службы аховы Лукашэнкі Андрэя Уцюрына, стаў самым дарагім домам краіны, прададзеным у жніўні. Былы гаспадар дома год таму быў памілаваны Лукашэнкам і выйшаў з калоніі.
Пра продаж дома ў Драздах за 1,2 млн даляраў паведаміў Realt.
Паводле выдання, цагляны катэдж 2022 года пабудовы плошчай 590 квадратных метраў на вуліцы Вербнай стаў самым дарагім прададзеным домам краіны ў жніўні.
Указаныя параметры цалкам адпавядаюць катэджу Уцюрына, які не маглі прадаць больш за два гады. У канцы лютага 2023-га яго кошт быў 1 мільён 450 тысяч даляраў. У ліпені таго ж года кошт зніжалі да 1,3 мільёна, потым зноў хацелі 1,4 мільёна даляраў. Але прадалі за 1,2 млн.
Былы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі і былы кіраўнік службы бяспекі Лукашэнкі Андрэй Уцюрын у 2020 годзе быў асуджаны да 12 гадоў зняволення за карупцыю.
За кратамі ён правёў 5 год і ў 2024 годзе быў памілаваны Лукашэнкам.