БЕЛ Ł РУС

«Нават у думках не было». У Крамлі заявілі, што Пуцін, Сі і Кім не плялі змову супраць ЗША

3.09.2025 / 13:10

Nashaniva.com

Лідары Расіі, Кітая і КНДР не строілі «змову супраць ЗША», сабраўшыся на ваенным парадзе ў Пекіне з нагоды 80‑годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны, заявіў памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў.

Фота: Sergey Bobylev / RIA Novosti/Anadolu via Getty Images

Так ён адрэагаваў на словы амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, які абвінаваціў Уладзіміра Пуціна, Сі Цзіньпіна і Кім Чэн Ына ў тым, што яны вырашылі зладзіць змову за яго спіной.

«Я хачу сказаць, што ніякіх змоў ніхто не рабіў, ніхто нічога «не плёў», больш за тое, у думках нават гэтага ні ў каго не было, ні ў каго з гэтых трох лідараў», — сказаў Ушакоў журналісту кремлёўскага пулу Паўлу Зарубіну.

Па словах прадстаўніка Крамля, у Маскве, Пекіне і Пхеньяне «усё разумеюць», якую ролю граюць ЗША, адміністрацыя Белага дома і асабіста прэзідэнт Дональд Трамп «у сучасных міжнародных раскладах». Пры гэтым Ушакоў выказаў надзею, што Трамп «не без іроніі» згадаў пра «змову».

Дональд Трамп, каментуючы ваенны парад у Пекіне, напісаў: «Галоўнае пытанне, на якое трэба адказаць, заключаецца ў тым, ці згадае старшыня КНР Сі пра тую велізарную падтрымку і «кроў», якую ЗША аказалі Кітаю, каб дапамагчы яму здабыць СВАБОДУ ад надзвычай варожага замежнага захопніка. Многія амерыканцы загінулі ў барацьбе Кітая за перамогу і славу».

Ён таксама пажадаў лідару КНР і кітайскаму народу правесці «цудоўнае свята», але дадаў: «Калі ласка, перадайце мае самыя цёплыя пажаданні Уладзіміру Пуціну і Кіму Чэн Ыну, пакуль вы плануеце змову супраць Злучаных Штатаў Амерыкі», — дадаў Трамп.

Чытайце таксама:

У Пекіне прайшоў маштабны вайсковы парад. Лідар КНР заявіў, што Кітай не спыніць

Кім Чэн Ын запрасіў Лукашэнку ў КНДР. У Беларусь можа прыехаць Роберт Фіца

Аляксандр Лукашэнка пракульгаў па чырвонай дарожцы на плошчы Цяньаньмэнь. Коля выконваў ролю ахоўніка

Пуцін і Аліеў сустрэліся ў Кітаі, але сустрэча была халоднай

Каментары да артыкула