БЕЛ Ł РУС

Беларуска знайшла ў цукерках «Камунаркі» лічынкі. На фабрыцы пракаментавалі сітуацыю

3.09.2025 / 12:53

Nashaniva.com

На мінулым тыдні ў адным з чатаў дзяўчына падзялілася відэа, на якім паказаны чарвівыя цукеркі. Слодычы «Чырвоны капялюшык. Залатая калекцыя» былі набытыя ў краме «Маяк» у Віцебску. 

«Вот такія сюрпрызы знаходзяцца ў цукерках «Чырвоны капялюшык. Залатая калекцыя» ад «Камунаркі». Кошт 40 рублёў за кілаграм. З усёй упакоўкі без лічынак было толькі чатыры цукеркі!» — расказала дзяўчына.

Пасля таго, як інфармацыя пра праблему з’явілася ў інтэрнэце, аддзел кантролю якасці «Камунаркі» распачаў расследаванне.

— Уся выпушчаная «Камунарка» прадукцыя, якая накіравана на рэалізацыю ў гандлёвыя аб’екты, праверана па арганолептычных, фізіка-хімічных і паказчыках бяспекі ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі і схемамі вытворчага кантролю, што пацвярджаецца вынікамі вытворча-тэхналагічнай лабараторыі прадпрыемства, а таксама незалежнымі акрэдытаванымі лабараторыямі. Па выніках праверкі несупадзенняў не выяўлена, — адказаў вытворца.

Прадстаўнік «Камунаркі» паведаміў, што на заводзе працуе сістэма кандыцыянавання, якая падтрымлівае неабходныя ўмовы для вытворчасці. На складзе таксама cочаць за тэмпературай і вільготнасцю, а на вокнах усталяваны маскiтныя сеткі, каб казуркі не маглі трапіць унутр. Работнікі старанна мыюць і апрацоўваюць абсталяванне пасля кожнай змены. Акрамя таго, уся прадукцыя правяраецца перад адпраўкай у крамы.

Можна дапусціць, што тэрмін прыдатнасці прадукту проста скончыўся, і ўжо ў гандлёвым аб’екце ў спрыяльных умовах у ім з’явіліся шкоднікі.

— «Камунарка» гарантуе якасць сваёй прадукцыі, калі пакупнікі і крамы выконваюць умовы захоўвання: тэмпература павінна быць не вышэй за 15 °C, а вільготнасць — не больш за 75 %. Няякасны прадукт падлягае вяртанню ў гандлёвы аб’ект, дзе ён быў набыты. У выпадку неабходнасці гандлёвы аб’ект звяжацца з вытворцам, — дадаў прадстаўнік.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула